Януш Талуць: Каплічка мае нагадваць пра нашую памяць аб продках
У Зубрах з’явіцца каплічка ў памяць бежанцаў, жыхароў Зуброў і навакольных вёсак. Урачыстасці пачнуцца 12 жніўня святой літургіяй у Мастаўлянах. Пазней на могілках у Зубрах будзе адпраўленая паніхіда, за тым урачыстае пасвячэнне каплічкі ў гонар святога Мікалая здзейсніць Супрасльскі Епіскап Андрэй у саслужэнні а. Славаміра Якімюка. Каплічка мае нагадваць пра нашую памяць аб продках, падкрэсліў яе стваральнік Януш Талуць.
– Тут не так шмат было гэтых капліц. Больш крыжы ставілі, бо гэта падкрэслівала хрысціянства вёскі. Калі вёска была больш заможнай, то ставілі бетонны, жалезныя таксама ставілі. Але звычайна ставілі крыжы драўляныя. Цяпер ўжо іншы час. Тут важная сама ідэя – каму прысвечана гэтая каплічка. Таму вымагала, каб быў іншы матэрыял, каб яна мацнейшая была. Каб не толькі памяць у людзях была, але каб падарожны мог падыйсці, пачытаць, памаліцца, задумацца аб гэтым.
На калоне каплічкі будзе змяшчацца інфармацыя пра прымусовую або дабравольную эвакуацыю ў глыб Расеі ў 1915 годзе- Бежанства. Тэкст можна будзе прачытаць на дзвюх мовах – польскай і Беларускай. Дэталёвыя інфармацыі аб урачыстасцях можна будзе знайсці на нашым сайце racyja.com.
Цалкам матэрыял:
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя