Міністэрства здароўя спыніла ліцэнзію вядомай клінікі “Новы Зрок”



У працы цэнтру Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК знайшоў парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні. Медыцынскі цэнтр “Новы зрок” нібыта прадаставіў падробленыя дакументы. КДК паведамляе, што кваліфікаваным афтальмолагам і іншым супрацоўнікам медцэнтраў “Новы зрок” прапануюць працу ў арганізацыях дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя.

Яшчэ ў красавіку Дзяржкантроль заявіў, што падазрае “Новы зрок” ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі пачалі крымінальную справу. Следства сцвярджае, што пяць гадоў кіраўніцтву і спецыялістам цэнтру выплачвалі заробкі ў канвертах. Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі.

Мінздароўя паведамляе, што на медыцынскія цэнтры “Новы зрок” прыпадае ўсяго 1,7% наведванняў у структуры афтальмалагічнай дапамогі.

Польшча пайшла насустрач беларусам з пратэрмінаванымі візамі PBH

Пачынаючы з 1 ліпеня ў Польшчы завяршыўся стан эпідэміялагічнай пагрозы. Тэрмін дзеяння прадоўжаных з нагоды пандэміі дакументаў, у тым ліку віз, скончыцца 1 жніўня. Праз гэта многія беларусы аказаліся ў складанай сітуацыі, у тым ліку тыя, хто перабраўся ў краіну па праграме Poland. Business Harbour. Але польскія ўлады пашлі ім насустрач.

Беларусы, якія пераехалі ў Польшчу па праграме Poland. Business Harbour (PBH) і ажыццяўлялі там прадпрымальніцкую дзейнасць, апасаліся, што не змогуць працягнуць сваю дзейнасць пасля 31 ліпеня, калі застануцца ў краіне з пратэрмінаванай візай.

Аднак стала вядома, што іншаземцы, якія маюць у Польшчы бізнес на падставе візы PBH, маюць права працягваць гэтую дзейнасць (пасля заканчэння тэрміну дзеяння візы). Умовай з’яўляецца  падача адпаведнай заявы на дазвол на жыхарства да заканчэння тэрміну дзеяння візы.

Рэкордная спёка мяняе эканоміку ў Еўразвязе

Рэкордная спёка значна змяняе эканоміку Еўропы і свету. Яна ўскладняе працу ў розных галінах эканомікі, а разам з гэтым растуць выдаткі, напрыклад, на страхаванне. Паводле звестак страхавой кампаніі Swiss Re, страты страхоўшчыкаў ад спякоты (з-за, напрыклад, неўраджаю ў выніку засухі або лясных пажараў) склалі 46,4 млрд даляраў за апошнія пяць гадоў. Сальда папярэдняй пяцігодкі было значна меншым – 29,4 мільярда долараў.

Financial Times паказвае на запаволенне росту сусветнай эканомікі. Эксперты спасылаюцца на канкрэтныя разлікі навукоўцаў з Дартмута. Яны адзначаюць, што хвалі спёкі, выкліканыя тэхнагеннымі зменамі клімату, каштавалі сусветнай эканоміцы каля 16 трыльёнаў даляраў на працягу двух дзесяцігоддзяў. У сваю чаргу Еўрапейская камісія заяўляе, што толькі ў Еўропе страты ад засухі ацэньваюцца прыкладна на 9 мільярдаў еўра ў год (у асноўным у сельскай гаспадарцы, энергетыцы і сістэмах грамадскага водазабеспячэння). Гэтыя страты вынікаюць з-за неабходнасці закрыцця прадпрыемстваў і зніжэння прадукцыйнасці, піша Business Insider Poland.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: з адкрытых крыніц