Валянціна Лаеўская: Гэты помнік – ініцыятыва “Нашай памяці”
Першы помнік ахвяры “крывага рэйду “Бурага” па беларускіх вёсках Падляшша, створаны за прыватныя ахвяраванні, будзе асвечаны ў бліжэйшую нядзелю, 30 ліпеня. Гэта помнік на праваслаўных могілках у Малешах, на магіле Марыі Петручук – маладой жанчыны, якая супраціўлялася згвалтаванню і страціла сваё жыццё. Пра ўшанаванне памяці ахвяр рэйду “Бурага” з нашым сённяшнім госцем Валянцінай Лаеўскай размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.
РР: Вы, напэўна, як ніхто, маеце і свой асабісты, і журналісткі досвед, звязаны з тэмай крывавага рэйду Рамуальда Райса “Бурага” па падляшскіх вёсках у пасляваенны час. І таму вось гэтая тэма, а нагода важная, паколькі ў нядзелю, 30 ліпеня будзе асвячэнне помніка на магіле святой Марыі Петручук – адной з ахвяр гэтага рэйду. Наколькі для вас гэта значная падзея?
Валянціна Лаеўская: Гэта вельмі значная падзея, паколькі гэты помнік – ініцыятыва “Нашай памяці”. Знайшлі мы зусім выпадкова, недзе там яшчэ ў 2018 годзе мы рабілі такія рэйды, ініцыятыва “Наша памяць” прыдумала, што варта неяк перапісаць гэтыя ўсе помнікі, каб ведаць, дзе хто пахаваны. І мы ездзілі па гэтых усіх могілках і якраз на могілкі ў Малешах.
Мы мелі спіс усіх тых, хто загінуў. І не маглі знайсці магілу Марыі Петручук, хоць вядома было, што там быў невялікі помнік, які паставіла яшчэ яе маці. І бадай што, наколькі я памятаю, бо была з намі Бася Пякарская, яна там пагаварыла з нейкай жанчынай, якая таксама была тады на могілках. І вось знайшлі павалены помнік, адвярнулі яго і прачыталі, што гэта помнік Марыі Петручук – маладой дзяўчыны са Шпакоў, сямнаццацігадовай, якая не паддалася гвалту. За гэта той жаўнер, які хацеў яе згвалтаваць, стрэліў серыю з аўтамата, параніў жывот. Яна пазней нейкім чынам трапіла ў шпіталь у Бельску-Падляшскім і праз тры дні памерла.
Гэта ўвогуле такая трагічная гісторыя гэтай сям’і, таму што яны жылі без бацькі ўжо падчас вайны, і старэйшы сын быў камуністам, як расказваюць. І немцы на яго палявалі і ў канцы яго расстралялі. Ён быў таксама маладым хлопцам тады, недзе да 20 гадоў. І гэтая жанчына засталася з двума дочкамі, і пазней адну згвалтавалі, а другую таксама, толькі што яна выжыла.
РР: Таксама падчас таго ж рэйду?
Валянціна Лаеўская: Так, падчас таго ж рэйду “Бурага”. Пазней яна, вядома, які можа быць псіхічны стан такой жанчыны, але яна нейкім цудоўным спосабам пасля вайны ў той спаленай вёсцы назбірала грошай на тое, каб паставіць яшчэ помнік. Гэта ў той сітуацыі, калі людзі не мелі чаго есці, а гэтая жанчына думала, як ушанаваць памяць дачкі. Гэта проста ўражвае, і таму мы падумалі, што калі будзем штосьці рабіць, то якраз гэты помнік, гэтую ахвяру трэба ўшанаваць. Таму што пасля смерці маці гэты помнік зваліўся.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя