Павел Латушка прапанаваў Польшчы прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму
Павел Латушка прапанаваў Польшчы прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму.
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і старшыня Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення сустрэўся са старшынём камісіі па замежных справах польскага Сейму Радаславам Фогелем і дырэктарам Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Янам Маліцкім.
«Галоўнай мэтай сустрэчы з’яўлялася перадача справаздачы аб злачынствах супраць чалавечнасці, апублікаванай Цэнтрам права і дэмакратыі Justice Hub 26 ліпеня, у падрыхтоўцы якой удзельнічала каманда НАУ», — паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Адна з тэм сустрэчы — разгляд магчымасці прызнання Сеймам Польшчы арганізацый КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі, а рэжыму Лукашэнкі — спонсарам тэрарызму.
На сустрэчы былі прадстаўлены абгрунтаванні, падрыхтаваныя экспертамі НАУ, якія апісваюць тэрарыстычную дзейнасць гэтых арганізацый: міграцыйная вайна супраць Еўрасаюза, прымусовая пасадка самалёта Ryanair, сістэматычныя атакі на грамадзянскае насельніцтва ды іншае.
«Польскаму боку было прапанавана падтрымаць механізмы прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці», — зазначаецца ў паведамленні.
«Старшыня камісіі па замежных справах Сейма Польшчы выказаў гатовасць абмеркаваць гэтую прапанову з кіраўніцтвам Сейма», — адзначаецца ў рэлізе.
Беларускае Радыё Рацыя