Маравецкі заяўляе, што вагнераўцы прасоўваюцца да Сувалкскага калідора



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што, паводле наяўных звестак, больш за 100 наймітаў групы „Вагнер” рушылі ў бок Сувалкскага калідора, перадае PAP.

Фота: pap.pl

Выступаючы на прэс-канферэнцыі падчас наведвання механічнага завода ў Бумар-Лабендах на поўдні Польшчы, Маравецкі заявіў, што на працягу апошніх двух гадоў Польшча падвяргаецца пастаяннаму гібрыднаму нападу на ўсходняй мяжы з Беларуссю.

Ён дадаў, што толькі сёлета было зафіксавана каля 16 тысяч спроб перасячэння граніцы. Ён назваў міграцыйны калідор інспіраваным Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам.

«Цяпер сітуацыя становіцца яшчэ больш небяспечнай. У нас ёсць інфармацыя, што больш за 100 наймітаў групы „Вагнера” рушылі ў бок Сувалкскага калідора пад Гародняй у Беларусі», – сказаў Маравецкі.

Па словах прэм’ера, «гэта, безумоўна, крок да далейшага гібрыднага нападу на польскую тэрыторыю».

„Магчыма, яны будуць маскіравацца пад беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць нелегальным мігрантам пранікаць на польскую тэрыторыю, дэстабілізаваць Польшчу, але таксама, верагодна, яны будуць спрабаваць трапіць у Польшчу, выдаючы сябе за нелегальных мігрантаў, а гэта стварае дадатковыя рызыкі”, – заявіў Маравецкі.

На гэтым тыдні ў Польшчы заявілі, што ў канцы гэтага года ў Аўгустове будзе створаны сапёрны батальён, асноўнай задачай якога будзе ўмацаванне ўсходняй мяжы і ахова Сувалкскага калідора.

Сувалкскі калідор – гэта ўчастак тэрыторыі Польшчы і Літвы, размешчаны паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі.

Раней пра перамяшчэнне вагнераўцаў у Гародню заявіў партал «Спротив», створаны Сіламі спецыяльных аперацый Украіны. Як піша сайт, вагнераўцы маюць намер рыхтавацца да «разгойдвання» сітуацыі ў памежнай зоне Польшчы і Літвы.