Польшча ўмацоўвае сваю ўсходнюю мяжу HIMARS-амі
Польская армія цалкам адновіць 1-ю ракетную брыгаду, якую аснасцяць дальнабойнымі амерыканскімі HIMARS.
Як днямі адзначыла Мінабароны Польшчы, брыгада будзе размешчана бліжэй да Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі. Адным з месцаў дыслакацыі новай ракетнай брыгады будзе горад Ожыш, які знаходзіцца амаль за 140 кіламетраў ад Гародні. Пры гэтым дальнабойнасць установак HIMARS там будзе складаць да 300 кіламетраў.
Плюс да ўсяго было падпісана рашэнне аб стварэнні спецыяльнай акадэміі HIMARS, якая будзе навучаць артылерыстаў у тым ліку з саюзных краін НАТА.
«Мы ўжо бачылі, на што здольныя HIMARS ва Украіне. Польшча зможа скарыстацца гэтым куды больш эфектыўна, тым самым абараніўшы краіну ад уварвання любога агрэсара», — заявіў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
Нагадаем, што зусім нядаўна Блашчак заявіў аб стварэнні новага сапёрнага батальёна, які будзе дадаткова абараняць Сувалкскі калідор ад магчымых пагроз з боку вагнераўцаў у Беларусі.