Агляд тыдня



На пачатку мінулага тыдня Пуцін і Лукашэнка сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу. Нагаварылі розных пагрозлівых словаў на адрас Захаду.

Тэндэнцыя вымалёўваецца ў бок чарговай хвалі эскалацыі на межах з краінамі NATO. «Вагнераўцы» прыбываюць, трэніруюць беларускіх вайсковых, эксперты спрабуюць здагадацца для чаго ўсё гэта трэба апроч псіхалагічнага ўздзеяння на суседнія краіны, найперш Украіну, Польшчу і Літву.

Цікава як псіхалагічна напампоўвае дзяржаўны тэлеканал ОНТ сваіх гледачоў: «28 июля 1944 года от войск НАТО (тогда они назывались армией Гитлера) были освобождены Брест и Брестская крепость!»

Падмена краін Еўропы на Трэці Рэйх прымітыўны паліттэхналагічны прыём, абкатаны ў Расеі.

Хтосьці скажа, што проста глупства. Калісьці ў другой палове 1990-х з Лукашэнкі смяяліся, не ўспрымаючы ўсур’ёз ягоныя антызаходнія, як здавалася, трызненні. Сёння праз высілкі Лукашэнкі Беларусь адной нагой стаіць ва ўдзеле ў Трэцяй сусветнай вайне.

***

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у сваім тэлеграм-канале заўважае, што дакладна рыхтуецца новы мігранцкі крызіс. Ён адзначае, што толькі за 27 ліпеня была найбольшая ад лістапада 2021 года спроба нелегальных мігрантаў патрапіць у Польшчу – 292 чалавекі.

***

На мінулым тыдні знакавага для беларускай медыйнай прасторы журналіста Ігара Карнея не выпусцілі пасля дзесяці сутак адміністратыўнага арышту, і перавялі ў СІЗА. Гэта значыць, што завялі крымінальную справу. Па якім артыкуле пакуль невядома.

***

26 ліпеня на 6 гадоў зняволення асудзілі Паўла Мажэйку, яскравую асобу журналісцкага і грамадскага жыцця Гародні. За тое, што ў створаным ім «Цэнтры гарадскога жыцця» выставіў партрэт антысавецкага беларускага партызана Яўгена Жыхара аўтарства Алеся Пушкіна.

Разам з Паўлам асудзілі адвакатку Алеся Пушкіна Юлію Юргілевіч.

Партрэт антысавецкага партызана для лукашыстаў – гэта экстрэмізм ці спрыянне экстрэмізму.

***

На мінулым тыдні прыходзілі звесткі з-за кратаў пра Змітра Дашкевіча і Паўла Севярынца, Анджэя Пачобута. Іншых грамадскіх актывістаў. Усе рэгулярна маюць унутрытурэмныя пакаранні, якія дэ-факта ёсць катаваннем. А журналіста-расследвальніка Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі. Якую канкрэтна нагоду прыдумалі для суду, невядома. Але ў выніку Дзяніса Івашына перавялі на строгі турэмны рэжым.

***

29 ліпеня больш за дваццаць беларускіх медыяў замежжа зладзілі марафон салідарнасці з палітычнымі зняволенымі пад назвай «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зняволеных ды іх сем’яў. Да эфіраў больш як двух дзясяткаў медыяў далучыліся лідары меркаванняў у сферах культуры, спорту, грамадскага ды інфармацыйнага актывізму.

***

На мінулым тыдні адбылася жорсткая дыскусія па тэме ці можна праз тры гады пасля Беларускай рэвалюцыі 2020 года выстаўляць фота- відэаматарыялы пратэстоўцаў. Усё праз фільм літоўскага выдання Delfi, дзе не ўсе абліччы людзей былі схаваныя, і некаторы людзі пазналі сябе, хоць раней кадраў з імі ў адкрытым доступу не было.

***

На мінулым тыдні мы дазналіся, што Міністэрства інфармацыі РБ заблакавала найбуйнейшую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org. Праблема доступу з Беларусі вырашаецца з дапамогай VPN, але ў гэтай гісторыі важны сімвалізм. Наступны крок – пасмяротна прызнаць Францішка Скарыну экстрэмістам за ягонае кнігадрукаванне.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя