Зянон Пазьняк: Рэальныя змены можа зрабіць толькі сам народ у Беларусі



У студыі Радыё Рацыя – стваральнік БНФ, лідар беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў 90-я гады, лідар Кансерватыўна-Хрысціянскй партыі БНФ, сёння таксама – лідар нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк.

РР: У Беластоку пройдзе дыскусія, дзе Вы будзеце гаварыць пра нацыянальную ідэю. Што сёння ўяўляе сабой беларуская нацыянальная ідэя? На якіх вуглавых камянях яна трымаецца?

Зянон Пазьняк: Беларуская нацыянальная ідэя і ўвогуле нацыянальная ідэя, ёсць класічнае вызначэнне што гэта такое, – гэта тады, калі нацыя будуе сваю нацыянальную дзяржаву. Нацыя імкнецца рэалізавацца ў нацыянальнай дзяржаве. Калі гэта дасягнута, значыць, нацыянальная ідэя перамагла. А далей ужо ідзе працяг – нацыянальная палітыка, культура ў дзяржаве і так далей. Гэта важнейшы момант. І ў Беларусі таксама так усё было, але гэта ўмоўная назва – нацыянальная ідэя. Мне хацелася б пагаварыць пра сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне, чаму так склалася, што трэба рабіць, якія ёсць выхады з гэтага. Бо ў Польшчу каля 100 тысяч беларусаў выехала. Гэта вельмі вялікая колькасць для нас. І мы павінны думаць, як спрыяць і дапамагаць нашай Бацькаўшчыне, як вярнуцца і як потым адрадзіць нашу Беларусь.

РР: Як вярнуцца? Як вызваліць Беларусь?  Ці не такія мэты ставіць нацыянальна-вызвольны рух “Вольная Беларусь”?

Зянон Пазьняк: Нацыянальна-вызвольны рух “Вольная Беларусь” створаны быў у мінулым годзе, у кастрычніку, быў вальны Сойм сабраны з актыўных беларусаў, якія жывуць у Польшчы, Нямеччыне, Літве. І прынята палітычная праграма, якая вельмі блізкая да праграмы Народнага Фронту, які адваяваў незалежнасць Беларусі ў 90-х гадах. Мы ставім задачу ў першую чаргу дапамагаць самім сабе, нам, беларусам, захаваць нашую ідэнтычнасць. Гэта вельмі важна, каб была мова захавана. Каб тут, у Польшчы, была магчымасць адкрываць беларускія школы, цяпер  такой магчымасці няма, на вялікі жаль, каб дзеткі маглі вучыцца па-беларуску. З другога боку, мы ставім задачу дапамагаць Палку Каліноўскага. Мы збіраем сродкі, мы адправілі ўжо чатыры пікапы, вялікі дрон купілі, збіраем грошы. Гэтая работа ідзе ўвесь час. Пакуль людзей няшмат, але рух павялічваецца. Мы маем свае суполкі ў Нямеччыне, у Польшчы, Вільні, Чэхіі і ў Амерыцы. З другога боку, мы стараемся ездзіць па польскіх гарадах, дзе ёсць беларускія асяродкі, спатыкацца з беларусамі, абмяркоўваць нашыя агульныя пытанні, расказваць пра нашыя ідэі, старацца, каб гэтыя людзі дапамагалі, каб думалі, як вызваліць нашу Беларусь і што рабіць потым.

РР: Цяпер, бадай, няма ніводнай краіны ў Еўропе і за акіянам, куды б не трапілі беларусы. Нацыянальна-вызвольны рух “Вольная Беларусь” мае ў сваім статуце запіс, што дзейнічае як у эміграцыі, так і на Бацькаўшчыне. Асноўная база ўсё ж такі метраполія.

Зянон Пазьняк: Гэта праўда. У эміграцыі нас ніхто не пераследуе. Мы тут можам дзейнічаць вольна. Мы жывем у свабодных краінах. А вось што датычыць Беларусі, якая акупаваная, дзе ідуць рэпрэсіі толькі нават за тое, што людзі гавораць па-беларуску, што “падабайкі” у інтэрнэце ставяць, ажыццяўляецца праграма вынішчэння нацыі. Там задачы пастаўлены такім чынам – каб сведамыя беларусы стваралі суполкі па 2- 3 чалавекі, каб яны паміж сабой абмяркоўвалі пытанні, дакументы, збіралі мясцовую інфармацыю аб здрадніках, калабарантах, усё гэта павінна быць. Але не ствараць арганізацыі вялікія. Бо абавязкова будуць шпіёны. І яны распаўсюджваюцца па гарызантальнай лініі. Гэта значыць, калі 2 чалавекі, то 1 з іх знаёміцца з трэцім чалавекам, а першы не ведае. І такім чынам, адбывецца такое гарызантальнае распаўсюджванне. Таксама падрыхтоўка ідэалогіі. Калі ёсць магчымасць, збіраць зрою. Але не падымаць галавы. Таму што цяпер ідуць рэпрэсіі. У гэты перыяд трэба вельмі ўмела рыхтаваць сілу. Я гэта называю як тарфяны пажар – як торф гарыць, але на паверхні нічога не відаць. Таму што рэальна змены можа зрабіць толькі сам народ. Толькі тыя, хто ў Беларусі. Рэальна – там сіла. Там – зямля. Таму вельмі важна, каб там гэты рух рос, як падземны рух. А мы пастараемся што магчыма тут зрабіць і калі настане час, калі зможам аб’яднаць сілы, будзем дапамагаць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя