Агляд прэсы: Хаджэнне па пакутах



Беларускія ядзерныя Іскандэры абзавяліся новым гаражом. Расейцам час рыхтавацца да ўсеагульнай мабілізацыі. Францыя прыпыняе фінансавую дапамогу Нігеру. Дыскваліфікацыя ўкраінскай шаблісткі Харлан усё ж знята. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

FAS (Federation of American Scientists) апублікавала матэрыял пад кідкім загалоўкам «Беларускія ядзерныя Іскандэры абзавяліся новым гаражом».
У артыкуле паказваецца на тое, што на месцы дыслакацыі 465-й ракетнай брыгады ў в. Цэль на спадарожніках Maxar ад 4 ліпеня 2023 г. зафіксаваныя чатыры 13-метровых пускавых ўстаноўкі «Іскандэр» і дзве машыны падтрымкі меншага памеру, але за межамі гаража. Адсек для захоўвання ракет на адной з пускавых установак адкрыты.

«Новы аб’ект размешчаны ўсяго за сем кіламетраў ад палігона, дзе ўпершыню былі заўважаны пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр», і ўсяго за 12 кіламетраў ад былой ядзернай РТБ часоў СССР, якая пад прыкрыццём менавіта вагнераўцаў можа мадэрнізавацца для захоўвання тактычнай ядзернай зброі. Лукашэнка і Пуцін неаднаразова заяўлялі пра планы абсталяваць беларускія пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр» магчымасцямі агню расейскімі ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі і пабудаваць у Беларусі ядзернае сховішча. Яны таксама заявілі, што Расея мадэрнізуе некаторыя беларускія вайсковыя самалёты (патэнцыйна Су-24 або Су-25) для дастаўкі ядзерных бомбаў. Калі гэта так, то гэта будзе першы раз з часоў халоднай вайны, калі Расея абсталявае іншую краіну для запуску сваёй ядзернай зброі, і падарве крытыку Расеі ў дачыненні да пагадненняў ЗША аб размеркаванні ядзернай энергіі з саюзнікамі па NATO.

Дагэтуль не было выразнага візуальнага пацверджання гэтых планаў, а публічныя справаздачы заходніх спецслужбаў не пацвердзілі, што Расея сапраўды размясціла ядзерныя боегалоўкі ў Беларусі. Да гэтага часу лічылася, што Расея захоўвае свае нестратэгічныя ядзерныя боегалоўкі ў цэнтральных сховішчах у Расеі», – паведамляе амерыканскае выданне.

На бліжэйшыя некалькі тыдняў у Расеі ёсць рэсурсы для вайны, але з улікам сітуацыі на фронце гэтага не хопіць надоўга. «Расейская Федэрацыя можа аб’явіць усеагульную мабілізацыю праз некалькі месяцаў. Прычына – несуцяшальныя для праціўніка падзеі на фронце», – піша ўкраінскае выданне Unian.

«Ёсць некалькі новых сфарміраваных дывізій, якія яны закідваюць у зону баявых дзеянняў. І на іх робяць сур’ёзную стаўку. Іх добра абсталявалі, узброілі, сабралі пад гэтыя сцягі вялікую колькасць наймітаў. Дзяржкарпарацыі, якія накіроўваюць свае падраздзяленні на вайну, плацяць такую ж суму дадаткова да выплат Мінабароны РФ. Пры гэтым салдатам адначасова могуць выплачваць авансам суму за паўгода службы. З улікам таго, якую колькасць вайскоўцаў яны праводзяць кожны дзень, і тое, якія новыя віды ўзбраення цяпер паступаюць ва Узброеныя Сілы і як яны ўмеюць ім карыстацца, гэтага рашэння, напэўна, хопіць на месяц-два. Калі ня будзе кардынальных зменаў сітуацыі, абвяшчэнне мабілізацыі можна чакаць ужо ўвосень. Цалкам мажліва, што ў верасні-кастрычніку абвесцяць поўную мабілізацыю. Агульныя баявыя страты Расеі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання прыкладна склалі 244 270 чалавек. За мінулыя суткі Узброеныя сілы Украіны ліквідавалі 590 расейскіх акупантаў», – канстатуе ўкраінскае выданне.

Сітуацыя ў Нігеры і вакол краіны абвастрылася: Францыя і ЕЗ прыпынілі дапамогу гэтай краіне, не прызнаюць рэжым путчыстаў і патрабуюць аднаўлення ўлады прэзідэнта Базума. «Важным козырам Парыжа з’яўляецца групоўка французскіх войскаў (1.500 чалавек), якая да апошняга часу цесна ўзаемадзейнічала з мясцовым войскам і якую Францыя пакуль не задзейнічала», – піша фрацузская газета Liberation.

Адначасова на вуліцах Ніамея (сталіцы краіны) з’явіліся прыхільнікі перавароту, якія размахваюць расейскімі трыкалорамі і спальваюць французскія флагі. Такія акцыі наўрад ці можна назваць спантаннымі. Масква заняла супярэчлівую пазіцыю: МЗС РФ фармальна заклікаў да аднаўлення канстытуцыйнага парадку, Прыгожын вітаў пераварот, а Пуцін не адрэагаваў на крытыку путчыстаў з боку прэзідэнта ПАР Рамафозы, наадварот абходжвае прарасейскіх лідэраў суседніх Буркіна-Фасо і Малі і, падобна, разлічвае на устанаўленні кантролю над Нігерам. Калі сітуацыя ў Нігеры абвастрыцца і ў Расеі з’явіцца рэальны шанец нанесці там паражэнне Францыі, то «вагнераўцы» з вялікай верагоднасцю рушаць з Беларусі ў Афрыку, а сённяшнія «прагулкі» байцоў гэтага ПВК у бок Сувалкскага калідора могуць стаць іх «лебядзінай песняй у Беларусі», – прагназуе французскае выданне.

«Украінская спартсменка Вольга Харлан зможа прыняць удзел у камандным турніры шаблістак на ЧС для адбору на Алімпіяду», – піша італьянскае выданне La Repubblica. Па дадзеных выдання, кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі фехтавання прызнала яе добрую волю і саступіла апеляцыі МАК, зняўшы дыскваліфікацыю.

«Вольга Харлан атрымала перамогу над расеянкай Ганнай Смірновай (15:7), якая выступала пад нейтральным сцягам, у 1/32 фіналу на чэмпіянаце свету па фехтаванні ў Мілане, аднак адмовілася паціснуць ёй руку і была дыскваліфікаваная. Нямецкі саюз фехтавальшчыкаў (DFB) падтрымаў пратэст украінскай федэрацыі, заявіўшы, што Вольга Харлан «дакладна сігналізавала» гатоўнасць завяршыць паядынак дотыкам клінкоў. Тое, што ўкраінская шаблістка, нягледзячы на агрэсіўную вайну РФ, увогуле выступіла супраць расеянкі, у DFB лічаць «вялікадушным чалавечым і спартыўным жэстам», якому рашэннем Міжнароднай федэрацыі фехтавання нанесены «сур’ёзны ўрон». Алімпійскія чыноўнікі ў Лазане таксама заявілі: «Заклікаем міжнародныя федэрацыі з неабходнай ступенню чуласці ставіцца да сітуацый, звязаных з украінскімі і нейтральнымі спартсменамі», – піша італьянскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя