Футбалісты „Віцебску” выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка Беларусі
Футбалісты „Віцебску” сталі пятымі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі. Віцябляне, якія выступаюць у першай лізе нацыянальнага чэмпіянату, адолелі футбалістаў „Слуцка” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны мяч у самым пачатку другога тайма забіў Захар Чарвякоў.
Адна каманда другой лігі падазрае іншую ва ўдзеле ў матчы незарэгістраваных футбалістаў
Скандальнымі наступствамі абярнуўся матч 12-га тура ў Магілёўскім рэгіёне ў другой лізе. „Зара” саступіла з лікам 1:2 клубу „Кіраўск”, але лічыць, што супернік парушыў рэгламент.
Прэс-служба гаспадароў падазрае, што госці выставілі на гульню так званых падстаўных гульцоў – тых, хто не зарэгістраваны. А каб выкрыць у гэтым суперніка, просіць дапамогі ў заўзятараў.
Усіх падпісчыкаў просім скінуць фота/відэаматэрыял з мінулай гульні з «Кіраўскім». Ёсць вялікія падазрэнні, што гулялі падстаўныя футбалісты! Летась «Кіраўск» ужо быў заўважаны ў такой махінацыі, — напісала „Зара” ў сваім інстаграме.
Дэмбеле абвясціў некаторым гульцам «Барселоны» аб сваім пераходзе ў «ПСЖ»
Нападнік «Барселоны» Усман Дэмбеле апавясціў некаторых сваіх аднаклубнікаў аб пераходзе ў «ПСЖ», напісала ў твітары рэпарцёр Хелена Кондыс Эдо. Раней паведамлялася, што да канца ліпеня на 26-гадовага француза дзейнічае опцыя выкупу за 50 мільёнаў еўра, а жніўні гэтая сума падвоіцца.
Дэмбеле быў набыты «Барселонай» у дортмундскай «Барусіі» за 135 мільёнаў еўра у жніўні 2017 года. У мінулым сезоне форвард правёў за каталонцаў 35 матчаў, забіў 8 мячоў і зрабіў 9 галявых перадач.
На Кубку Расеі ў Казані Ілля Шымановіч не ведаў сабе роўных на дыстанцыі 50 метраў брасам
У вырашальным заплыве беларус фінішаваў першым з вынікам 26,56.
Гэты час суадносіцца са срэбранай узнагародай на ЧС-2023, які праходзіць паралельна ў Фукуёку.
Прычым паказчыку японскага срэбра амерыканца Ніка Фінка (26,59) беларус адпавядаў на ўсіх стадыях выступаў у Казані.
Алена Амялюсік заняла 43-е месца ў выніковай класіфікацыі жаночай Тур дэ Франс-2023
Па выніках васьмі этапаў беларуска, якая выступае за каманду UAE, паказала час 26 гадзін 1 хвіліна 57 секунд. Гэта 43-і вынік.
Перамогу святкавала прадстаўніца Нідэрландаў Дэмі Волерынг (Team Sd Worx). Яна праехала дыстанцыю велашматдзёнкі за 25 гадзін 17 хвілін 35 секунд.
Макс Ферстапен перамог у асноўнай гонцы Гран-пры Бельгіі.
Пілот „Рэд Бул” Макс Ферстапен выйграў Гран-пры Бельгіі Формулы 1. Нідэрландзец стартаваў шостым, аднак здолеў святкаваць перамогу. Да таго ж, заўзятары прызналі яго гоншчыкам дня. Вікторыя стала для лідара чэмпіянату восьмай запар. Да рэкорду Себасцьяна Фетэля засталося выйграць адзін старт.
„Рэд Бул” выйграў трынаццаты раз запар.
Другім стаў партнёр Ферстапэна Серхіа Перэс. Трэцім прыехаў Шарль Леклер на „Ферары”.
Беларускае Радыё Рацыя