Наталля Васілевіч: Больш за ўсё ад рэпрэсій у Беларусі колькасна пацярпелі грэка-каталікі



Паводле звестак партала „Царква і палітычны крызіс у Беларусі”, па стане на пачатак жніўня, у Беларусі вядома пра палітычны пераслед 55 хрысціянскіх служыцеляў. Сярод іх каталіцкія святары заходняга і ўсходняга абрадаў, пратэстанты і евангелісты, якіх пераследуюць за пратэст супраць гвалту ў жніўні 2020 году, супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі і вайны ва Украіне. Сярод „нашумелых” навін – фізічны гвалт у дачыненні да святароў менскай архікатэдры і адвольныя арышты святароў па ўсёй Беларусі.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з праваабаронцай, палітолагам і тэолагам Наталляй Васілевіч пра тое, якім чынам рэжым Лукашэнкі адсочвае дзейнасць і карае за яе святароў у Беларусі; ці пагодзяцца праваслаўныя вернікі ў Беларусі з выключэннем РПЦ рэпрасаваных у 1930-ых гадах са спісу беларускіх святых; і якія перспектывы для беларускіх вернікаў у выгнанні:

РР: Ці вядзеце вы ўлік палітзняволеных вернікаў?

– Так, у нас ёсць раздзел „Хрысціяне за кратамі”, там ёсць профілі людзей, якія цяпер знаходзяцца за кратамі – праваслаўныя, каталікі, пратэстанты. Часам сваякі просяць зняць інфармацыю пра іх родных. Не заўсёды пагаджаюцца, каб імёны фігуравалі сярод палітвязняў і г.д. Таму тая колькасць, якая там ёсць, яна пастаянна мяняецца. Пастаянна кагосьці затрымліваюць, хтосьці ўжо мае свой тэрмін, выходзіць, або мае „хатнюю хімію”. Публікуем гісторыі вернікаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі пачынаючы з 2020 года. Яны неабавязкова траплялі пад рэпрэсіі за тое, што яны вернікі, але частка іх палітычная і грамадская актыўнасць была матываваная іх верай. Яны ўдзельнічалі ў масавых пратэстах, мерапрыемствах альбо пісалі нейкія каментары ў чатах. За гэта іх пераследуюць, за гэты яны знаходзяцца за кратамі.

РР: Ці можаце вызначыць, якая канфесія больш за ўсё пацярпела?

Складана таму, што пераследуюць усё ж такі не канкрэтна па канфесіі, праследуюць асоб. Напрыклад, грэка-каталікоў у нас найменш, таму адсотак людзей, якія ўжо пацярпелі ад рэпрэсій, ён найбольшы. То бок складана знайсці грэка-каталіцкага святара, які б не пацярпеў ад рэпрэсій. Рыма-каталікі церпяць ад рэпрэсій, у кожнага ёсць свая спецыфіка. Мы заўважаем, што раней святароў стараліся не браць адкрыта, але пасля таго, як пачалася вайна, то многіх святароў пачалі браць, каталікоў, праваслаўных, вельмі жорстка браць за вельмі дробныя рэчы. Я думаю, што манітораць профілі святароў у сацыяльных сетках у адпаведных органах, ідэалагічных аддзелах. Тыя святары, якія выступалі ў 2020 годзе таксама знаходзяцца на ўліку. Слухаюць казанні святароў, тое што яны гавораць, потым выкарыстоўваць да іх меры ўціску. Бывае рэгіянальна нават адрозніваецца. У траўні было ў Мёрскім раёне, чамусьці ў Віцебскай вобласці раптам трох святароў з аднаго месца затрымалі. То бок значыць, што была нейкая кампанія, дзе раённы або абласны чыноўнік адказвае, які вырашыў заняцца святарамі. Журналістаў усіх узялі, заўтра бяруць святароў, паслязаўтра мерапрыемствы па маршы, якія адбываўся ў гэтым раённым цэнтры, які адбываўся ў верасні 2020 года. Ёсць нейкі план. Масавыя рэпрэсіі патрабуюць таго, каб нейкі парадак гэтых рэпрэсій. З аднаго боку яны выглядаюць, як хаатычныя, але выканаўцам трэба ведаць. Яны не могуць адразу хапаць усіх, у іх абмежаваная колькасць месцаў ва ўсіх гэтых прыёмніках-размеркавальніках, РУУСах і гэтак далей. Святары часам трапляюць у нейкую спецыяльную катэгорыю, напрыклад прыходзяць з ператрусам, калі хтосьці апынуўся ў тым самым месцы, то яны таксама падлягаюць праверцы. Тэлефон калі правяраюць, то глядзяць кантакты, каму дасылаў так званыя экстрэмісцкія спасылкі. Так знаходзяць наступных ахвяр для ўціску, пагроз, арышту і гэтак далей.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З „Госцяй Рацыі” – праваабаронцай, палітолагам і тэолагам Наталляй Васілевіч, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя