Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі павялічваецца



Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі за паўгоддзе дасягнуў 1,6 мільярда даляраў. Менавіта на столькі імпарт перавысіў экспарт.

У мінулым годзе знешні гандаль таварамі быў прафіцытным. Экспарт перавышаў імпарт на 124,7 млн даляраў, звяртае ўвагу Reform.by.

У Беларусі падпісаны ўказ па аўтастрахаванні. Што мяняецца?

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 240 “Аб міжнародным аўтастрахаванні”. Дакумент накіраваны на ўрэгуляванне адносін па страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў пры выездзе за мяжу ва ўмовах выхаду Беларусі з міжнароднай сістэмы страхавання “Зялёная карта”.

Указам прадугледжваецца адмена для беларускіх аўтаўладальнікаў абавязку прад’яўлення страхавога сертыфіката пры выездзе з тэрыторыі РБ. Беларускаму бюро па транспартным страхаванні прадастаўлены паўнамоцтвы на ўдзел ад імя Беларусі ў міжнародных сістэмах страхавання (іншых, чым “Зялёная карта”).

Улады ліквідуюць вядомы парк атракцыёнаў у Менску

Улады ліквідуюць юрыдычную асобу менскага парку атракцыёнаў “Дрымлэнд”. Як заўважылі ў Office Life, інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра.

Парк быў зарэгістраваны ў 2014 годзе. Спярша ў ім былі атракцыёны і адкрыты аквапарк. Аднак апошнім часам у „Дрымлэнда” пачаліся праблемы. У выніку сёлета на тэрыторыі парка не адкрылася нават аквазона з басейнамі. Прадстаўнікі ліквідатара патлумачылі журналістам, што рашэнне пра ліквідацыю прыняў уласнік, які страціў цікавасць да праекту.

На канец ліпеня кампанія не мае крэдыторскай запазычанасці. Бягучая запазычанасць складае каля 1 тысячы рублёў.

Інфляцыя ў еўразоне ўпала да самых нізкіх значэнняў за 18 месяцаў

Як паведамляе Еўрастат, па папярэдніх дадзеных тэмпы гадавой інфляцыі ў еўразоне ў ліпені знізіліся да 5,3% – пры гэтым месяцам раней яна складала 5,5%. Бягучае значэнне інфляцыі – самае нізкае з лютага 2022 года, а пастаяннае зніжэнне гэтага паказчыка назіраецца з красавіка гэтага года.

Самая нізкая ліпеньская інфляцыя ў еўразоне адзначаецца ў Бельгіі – усяго 1,6%. У топ-5 па гэтым паказчыку таксама ўвайшлі Люксембург (2%), Іспанія (2,1%), Кіпр (2,4%) і Грэцыя (3, 4%).

А вось вышэй за ўсё цэны ў мінулым месяцы падняліся ў Славакіі – на 10,2%. Істотная інфляцыя адзначалася яшчэ ў Харватыі, Літве, Аўстрыі, а таксама ў Латвіі і Германіі. Агулам з 20 краін еўразоны паказчыкі інфляцыі адносна чэрвеня пагоршыліся толькі ў чатырох – у астатніх яе тэмпы або знізіліся, або засталіся без змяненняў, паведамляе myfin.by.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: svisloch.grodno-region.by.