На базе вагнэраўцаў Лукашэнка хоча ствараць кантрактнае войска
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Камянецкага раёна заявіў, што хоча выкарыстоўваць наймітаў ПВК «Вагнер» у якасці базы для стварэння кантрактнай арміі. Лукашэнка распавёў, што частка вагнераўцаў засталася ў Расеі, частка будзе ў Афрыцы, а частка застанецца ў Беларусі. «Гэта была мая ініцыятыва, і я не шкадую. Я хачу пакінуць гэтых хлопцаў ва Узброеных сілах нашай краіны. І, адштурхваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактнае войска», – сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка згадаў і ядзерную зброю. «Вы павінны разумець, што ядзерная зброя – гэта бяспека. На ядзерную краіну яшчэ ніколі ніхто не нападаў. У нас атамная станцыя. Гэта, я вам мушу сказаць, вельмі моцны фактар бяспекі. Калі ірване, не дай божа, то мала не падасца і там (на Захадзе) у тым ліку. З гэтай справай трэба быць вельмі асцярожным», – заявіў Лукашэнка.