Футбалісты БАТЭ завяршылі выступы ў Лізе чэмпіёнаў і пяройдуць у Лігу Еўропы
Футбалісты барысаўскага БАТЭ завяршылі выступы ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, двойчы саступіўшы кіпрскаму „Арысу”. Барысаўчане працягнуць еўракубкавы сезон у другім па рангу кантынентальным турніры – Лізе Еўропы. У паядынку ў адказ 2-га круга кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў барысаўчане ў венгерскім Мезекевешдзе прайгралі чэмпіёну Кіпра з лікам 3:5. На мінулым тыдні ў першым матчы ў Лімасоле яны пацярпелі буйную паразу – 2:6. Такім чынам, у 3-м кваліфікацыйным раундзе чэмпіёнскай Лігі „Арыс” будзе супернічаць з пераможцам пары „Ракаў” (Чанстахова, Польшча) – „Карабах” (Агдам, Азербайджан). У першай гульні чэмпіёны Польшчы перамаглі на сваім полі з лікам 3:2, паядынак у адказ пройдзе сёння ў Баку. Футбалісты БАТЭ пераходзяць у 3-ы раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы, дзе іх супернікам будзе няўдачнік двухматчавага супрацьстаяння „Шэрыф” (Ціраспаль, Малдова) – „Макабі” (Хайфа, Ізраіль). У першай сустрэчы малдаўскі чэмпіён выйграў 1:0.
„Нёман” выйшаў у 3-і раунд кваліфікацыі Лігі канферэнцый
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” выйшлі ў трэці кваліфікацыйны раунд Лігі канферэнцый, перамогшы па суме дзвюх сустрэч мальтыйскі „Бальцан”. Пасля ўпэўненай вікторыі ў венгерскім Дзьеры 2:0 падначаленыя Ігара Кавалевіча на Мальце згулялі ўнічыю – 0:0. Наступным супернікам „Нёмана” будзе пераможца матчаў паміж славенскім „Цэле” і партугальскай „Віторыяй”. У іх першай сустрэчы партугальцы выйгралі ў гасцях з лікам 4:3, а паядынак у адказ адбудзецца заўтра на іх полі.
Велька Ёванавіч пакінуў размяшчэнне „Нёмана”
Сербскі форвард тыдзень трэніраваўся з гарадзенцамі, ён знаходзіўся на праглядзе. Нядаўна ён адбыў на радзіму, паведамляе Football.by. Ёванавіч выступаў за сербскую „Раду”. Летась ён правёў 15 матчаў у другім сербскім дывізіёне, у якіх запісаў на свой рахунак 1+1 па сістэме „гол+пас”
Хакеіст Кірыл Куцыр заключыў кантракт з клубам „Ліда”
Падчас перадсезоннай падрыхтоўкі ён паспяхова выступіў у чатырох таварыскіх матчах каманды, дзе ў паўторным паядынку супраць „Нёмана” закінуў шайбу. Куцыр правёў большую частку сваёй кар’еры ў «Гомелі». У мінулым сезоне ён згуляў восем матчаў за «Гомель», але не набраў выніковых балаў.
Лёгкаатлетаў з Беларусі пакуль не дапусцяць да міжнародных спаборніцтваў
Забарона на ўдзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах захоўваецца, але гэтае рашэнне „не назаўжды”, заявіў кіраўнік Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Себасцьян Коэ. У інтэрв’ю выданню L’Equipe ён адзначыў, што меры, прынятыя World Athletics у сакавіку, застаюцца ранейшымі з-за сітуацыі на Украіне. Гэтае рашэнне, паводле яго слоў, „было ў інтарэсах спорту”. Нагадаем, атлетам з Беларусі і РФ закрылі шлях на міжнародныя старты ў сакавіку 2022 года. Галоўнай прычынай назвалі сітуацыю ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя