У Пентагоне пракаментавалі паветраны інцыдэнт на польска-беларускай мяжы
Афіцыйны прадстаўнік амерыканскага Мінабароны пацвердзіў, што ЗША гарантуюць бяспеку «кожнага квадратнага сантыметра» тэрыторыі краін NATO.
Афіцыйны прадстаўнік Пентагона Пэт Райдэр 1 жніўня пракаментаваў інцыдэнт на польска-беларускай мяжы, калі два беларускія вайсковыя верталёты парушылі польскую паветраную прастору.
У сувязі з інцыдэнтам Райдэр нагадаў аб тым, што Злучаныя Штаты нязменна адданыя абароне бяспекі краін NATO. Па падрабязнасці ён параіў звярнуцца ў польскае міністэрства абароны, паведаміла польскае выданне «Do Rzeczy».
«У чарговы раз паўтару, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да бяспекі NATO. І мы будзем працягваць працаваць з нашымі саюзнікамі NATO, каб гарантаваць, што кожны квадратны сантыметр тэрыторыі NATO застанецца ў бяспецы», – сказаў прадстаўнік Пентагона.
Польшча заявіла напярэдадні аб тэрміновай адпраўцы войскаў да сваёй усходняй мяжы, абвінаваціўшы Беларусь, найбліжэйшага саюзніка Расеі, у парушэнні польскай паветранай прасторы. Днём жыхары памежнага польскага горада Белавежа паведамілі ў сацсетках аб тым, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія верталёты Мі-8 і Мі-24.
Афіцыйны Менск адмаўляў якія-небудзь парушэнні, абвінаваціўшы Варшаву ў тым, што суседняя краіна-сябра NATO «прыдумала» абвінавачанне, каб апраўдаць нарошчванне сваіх войскаў на мяжы з Беларуссю.
Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што накіроўвае да ўсходняй мяжы «дадатковыя сілы і рэсурсы, у тым ліку баявыя верталёты».
Міністр абароны Польшчы праінфармаваў NATO аб парушэнні мяжы, а ў МЗС краіны для дачы тлумачэнняў выклікалі часовага паверанага ў справах Пасольства Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя