Брытанец хоча вярнуць грошы, якія інвеставаў у Беларусі
Грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабад Тутанян Машад патрабуе, каб беларускія ўлады кампенсавалі яму грошы, якія ён інвеставаў у будаўніцтва сонечнай электрастанцыі. Ён заяўляе пра шматлікія парушэнні з беларускага боку, у тым ліку пра незаконную экспрапрыяцыю. Пра гэта піша Reform.by. Ураду Беларусі прапанавалі пачаць мірныя перамовы і далі тры месяцы на абмеркаванне. У іншым разе бізнесовец пагражае звярнуцца ў арбітраж ICSID. Ён патрабуе кампенсацыю ў сотні мільёнаў даляраў.
Гаворка ідзе пра сонечную электрастанцыю на выселеных тэрыторыях Чэрыкаўскага раёна Магілёўшчыны. Там ўсталявалі 388 090 фотаэлектрычных модуляў — гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя ў Беларусі. Інвестыцыйная дамова была падпісаная ў 2014 годзе. Першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі электрастанцыі стаў люты 2022 года. Праект хвалілі ў дзяржаўных медыях. Аднак папрацаваць электрастанцыя здолела толькі некалькі месяцаў. Прычынай называліся меркаваныя праблемы з якасцю вырабленай электраэнергіі.
Raiffeisen Bank вырашае, што рабіць з бізнесам у Беларусі і Расеі
Аўстрыйская група Raiffeisen Bank International (RBI) разважае, што рабіць са сваімі беларускай і расейскай даччынымі кампаніямі. Гаворка пра “Прыёрбанк” і “Райфайзен Банк”. Пра гэта гаворыцца ў гадавой справаздачы аўстрыйскай групы.
У дакуменце гаворыцца, што RBI шукае стратэгічныя варыянты таго, што зрабіць са сваім бізнесам у Беларусі і Расеі. Сярод іх ацэньваюць у тым ліку імавернасць выхаду са складу беларускага “Прыёрбанка” і расейскага “Райфайзен Банка”. Сярод прычын — вайна ва Украіне, уведзеныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі, а таксама няпэўныя перспектывы на рынку дзвюх краін, заўважае “Зеркало”.
Айчынная бытавая тэхніка стане больш сучаснай
Завод “Атлант” выпусціць халадзільнікі і пральныя машыны, якімі можна кіраваць праз смартфон або планшэт. Халадзільнік з’явіцца пры канцы 2023 года, а пральная машына — у 2024.
Як паведаміў генеральны дырэктар ЗАТ “Атлант” Дзмітрый Сакалоўскі БелТА, эксперыментальныя ўзоры ўжо былі вырабленыя і пратэставаныя. З дапамогай спецыяльнай праграмы на смартфоне можна будзе дыстанцыйна кантраляваць працу халадзільніка, напрыклад, змяняць рэжымы працы, паніжаць або павышаць тэмпературу. У пральных машынах з дапамогай той жа праграмы можна будзе дакладней падабраць рэжым працы. Плануецца, што з адной праграмы можна будзе кіраваць абодвума бытавымі прыборамі.
Замежныя кампаніі падобныя халадзільнікі вырабляюць далёка не першы год.
Расейскія мільярдэры яшчэ больш пабагацелі
Сукупнае багацце расейскіх мільярдэраў з пачатку года павялічылася на 32 мільярды даляраў. Такія дадзеныя прыводзяцца ў Billionaires Index, які складае Bloomberg.
Больш за ўсё вырасла багацце заснавальніка і саўладальніка “ЛУКОЙЛа” Вагіта Алякерава, які пабагацеў амаль на 5 мільярдаў даляраў і багацце якога ацэньвацца больш як у 21 мільярд даляраў.
Агулам у Billionaires Index цяпер лідыруе ўладальнік Twitter і заснавальнік Tesla Ілан Маск, які мае 242 мільярды даляраў, прычым толькі сёлета ён пабагацеў адразу на 105 мільярдаў. (Крыніца: Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: a1.by