Польскае войска перакінула верталёты ў раён Падляшша



Польскае войска перагрупавала баявыя верталёты з 1-й паветрана-дэсантнай брыгады сухапутных войскаў і 25-й паветрана-кавалерыйскай брыгады ў раён Падляшша паблізу граніцы з Беларуссю. Генерал Марэк Сакалоўскі, інспектар па навучанні Генштаба ВС, паведаміў, што яны будуць размешчаны „ў рэжыме неадкладнага рэагавання”, перадае TVP.

Сакалоўскі паведаміў, што ў адпаведнасці з загадам міністра нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака аб неадкладным узмацненні беларускага напрамку, армія выконвае пастаўленыя задачы.

«Верталёты ўзброеныя і гатовыя да бою. Тут ёсць вельмі дасведчаныя пілоты з поўным лётным допускам, ёсць пілоты, якія фізічна яшчэ са мной у Аўганістане і Іраку ўжывалі авіяцыйнае ўзбраенне і ракеты. Яны дасведчаныя. Калі нешта будзе выклікаць асцярогі, яны без ваганняў прыменяць узбраенне», – запэўніў ён.