Павел Латушка пракаментаваў новы санкцыйны пакет у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
Каментарый намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Паўла Латушкі.
Сёння Еўракамісія апублікавала паведамленне аб увядзенні новага санкцыйнага пакета ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Гэты пакет пачаў актыўна рыхтавацца ЕЗ яшчэ больш за паўгода таму.
У выніку нарэшце намі дасягнуты вынік. Новыя сектаральныя абмежаванні галоўным чынам накіраваны на прадукцыю ваеннага і двайнога прызначэння, узбраення, авіяцыйную прадукцыю і тавары, тэхналогіі для выкарыстання ў касмічнай галіне.
З прыняццем гэтага пакета абмежавальных мер будзе зроблены істотны крок да поўнай гарманізацыі эканамічных санкцый паміж Расеяй і рэжымам Лукашэнкі.
У новым пакеце не прадугледжваюцца ніякія выключэнні для беларускага калію. Такі вынік шмат у чым з’яўляецца вынікам нашай карпатлівай працы як з наднацыянальнымі органамі ЕЗ, так і дзяржавамі-сябрамі саюза, у тым ліку шматлікіх сустрэч, лістоў, аналітычных матэрыялаў, працы са СМІ.
Данясенне пазіцыі ўскладнялася розным падыходам у шэрагу дзяржаў-членаў ЕЗ да бачання санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але ў выніку нам удалося пераканаць усіх нашых еўрапейскіх партнёраў прыняць дакладнае рашэнне.
Далей мы працягнем ціск на рэжым і пашырэнне санкцыйных захадаў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, які ўяўляе сабой рэальную пагрозу для еўрапейскай бяспекі, міру і самае галоўнае для саміх беларусаў.
У хуткім часе таксама чакаецца прыняцце санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і з боку ЗША. Сам нелегітымны ўзурпатар, як і іншыя парушальнікі міжнароднага права не застануцца бяскарнымі.
Прэс-служба НАУ.