У Светлагорску затрымана рэдактарка інфармацыйнай кампаніі «Ранак»
У Светлагорску раніцай 3 жніўня была затрымана рэдактарка інфармацыйнай кампаніі «Ранак» Юлія Даўлетава. Да цяперашняга часу яна не выпушчана. Затрыманне адбылося па месцы жыхарства. Каб не турбаваць дзяцей, Юлія выйшла з кватэры ў пад’езд, пасля чаго дадому не вернулася, піша «Гомельская Вясна».
Нагадаем, што ў чэрвені шэраг работнікаў «Ранка» ўжо затрымліваліся, на іх былі накладзены арышты і штрафы за «экстрэмізм» па артыкуле 19.11 КаАП. Тады Даўлетавай сярод затрыманых не было. Затым сайт «Ранка» быў закрыты, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля аб’явіў яго і адпаведныя старонкі ў сацсетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Затрыманні ў чэрвені адбыліся пасля таго, як «Ранак» першым паведаміў пра выбух і гібель людзей на светлагорскім заводзе беленай цэлюлозы.