Альжбета Фёнік: «Спасаўскія Запусты» – гэта пра жыццё і традыцыі беларусаў Бельшчыны



Дырэктарка Бельска-Падляшскага Дома культуры Альжбета Фёнік распавяла аб імпрэзах, якія адбудуцца ў межах „Спасаўскіх Запустаў”. Святочныя мерапрыемствы пачнуцца 4 жніўня. На гэты дзень запланавана адкрыццё выставы шлюбных вырабаў: дываноў, рушнікоў, вянкоў ды сукенак. А ўжо ў нядзелю, 6 жніўня, адбудзецца канцэрт, удзел у якім возьмуць польскія і беларускія ансамблі.

РР: Калі ласка, распавядзіце пра цэнтральныя падзеі, якія адбудуцца ў межах фестывалю.

Альжбета Фёнік: Гэта ёсць трохдзённая імпрэза пад назвай «Спасаўскія Запусты», якая шмат гадоў у Бельску-Падляшскім адбываецца. Першыя 15 гадоў, можа больш, «Спасаўскія Запусты» гэта былі толькі канцэрты ў Бельскім амфітэатры, звязаныя з летнім запустовым абрадам. Вядома, што зараз пачынаецца пост Спасаўка, таму «Спасаўскія Запусты». Гэты пост працягваецца да свята Успення. І калі летні пост пачынаецца, заўсёды людзі весяліліся, гулялі, рабілі застоллі, танцавалі і г.д. А пазней, калі пачынаецца жніво, то натуральна, тады часу не было, каб весяліцца, бо чакае праца.

Калі першыя «Спасаўскія Запусты» спрабавалі арганізаваць, то думалі над назвай. І Юрка Асеннік, наш вядомы аніматар культуры, а таксама музыка, графік, асоба вядомая, выдумаў, што гэтую імпрэзу трэба назваць «Спасаўскія Запусты», бо яна тады вельмі арганічна ўпішацца ў тое, што сапраўды дзеецца ў нашай прасторы праваслаўных беларусаў Бельшчыны. Таму назвалі гэтую імпрэзу «Спасаўскія Запусты». І з гэтага часу працягваецца гісторыя «Спасаўскіх Запустаў».

Ад некалькіх гадоў далучаем да гэтага канцэрту, які ў нядзелю адбудзецца, яшчэ іншыя мерапрыемствы, якія ладзяцца дзень раней, або два дні раней. У пятніцу – адкрыццё выставы, у суботу – фільмы, звязаныя з нашым асяроддзем і традыцыямі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя