Лаўрынас Кашчунас: Закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з’яўляецца справай часу



Закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з’яўляецца справай часу. Пра гэта заявіў у эфіры радыё LRT старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас. Паводле яго слоў, камітэт ужо даваў такую рэкамендацыю пару месяцаў таму.

«Закрыццё некаторых пунктаў – гэта толькі пытанне часу. Гэта абавязкова будзе зроблена. Можа, зараз не буду ўдавацца ў падрабязнасці, якія менавіта, але калі ўбачым толькі пагаршэнне сітуацыі, то будзе прынятае рашэнне і аб поўным закрыцці мяжы», – сказаў ён.

Трэба адзначыць, што пакуль на мяжы з Літвой працуюць усе памежныя пераходы, у адрозненне ад Польшчы, дзе адкрыты толькі пераход Брэст-Цярэспаль для пасажырскага і легкавога транспарту і Казловічы-Кукурыкі – для грузавога.

Кашчунас адзначыў, што Літва пакуль не звяртаецца да такіх дэманстрацый на мяжы, але да закрыцця ўсё падрыхтавана.