Польшча прадставіла Беларусі доказы парушэння паветранай прасторы



Амбасада Польшчы прадаставіла беларускаму МЗС падрабязную інфармацыю, якая пераканаўча пацвярджае факт парушэння паветранай прасторы Польшчы 1 жніўня двума беларускімі вайсковымі верталётамі. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС суседняй краіны, апублікаванай сёння.

«Прадстаўленыя дадзеныя супярэчаць пазіцыі Рэспублікі Беларусь, выяўленай у афіцыйных паведамленнях беларускіх МЗС і Мінабароны. Заклікаем беларускі бок тэрмінова растлумачыць гэты інцыдэнт, скарэктаваць сваю пазіцыю з гэтай нагоды і спыніць усе правакацыі ўздоўж польска-беларускай мяжы», – дадалі ў МЗС.

Раней Мінабароны Беларусі не прызнавала факт парушэння. Учора МЗС Беларусі заявіла, што «часоваму паверанаму Польшчы ўсё было паказана і растлумачана так падрабязна, наколькі гэта магчыма, на падставе дадзеных аб’ектыўнага кантролю. Не было ніякага ўваходу на тэрыторыю Польшчы, проста не было такога факта».