Ва Украіне працягваюць з’яўляцца кампаніі з беларускім капіталам
Аналітыкі даследчага цэнтра сістэмы YouControl заявілі, што цягам 2022 года, пасля поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну, зарэгістравана 39 новых кампаній, звязаных з Расеяй і Беларуссю.
Пры гэтым у пяці працэнтаў беларускіх і расейскіх кампаній, створаных да вайны ва Украіне, змяніўся склад бенефіцыяраў і яны працягваюць працаваць на ўкраінскім рынку. Усяго да вайны 20 тысяч кампаній мелі сувязь з Расеяй і Беларуссю. Амаль палова гэтых кампаній зарэгістраваныя ў Кіеве, яшчэ каля 6,5% — у Кіеўскай вобласці. 27% працуюць у гандлёвай сферы і па 14% — у перапрацоўчай прамысловасці і нерухомасці.
Аналітыкі лічаць, што ў большасці выпадкаў змена складу бенефіцыяраў з’яўляецца псеўдазменай і па-ранейшаму кампаніі маюць беларускі ці расейскі след, паведамляе Радыё Свабода.
Беларусь абмежавала пастаўкі кураціны ў Расею. Птушыны грып?
Беларусь — адзін з асноўных пастаўшчыкоў мяса птушкі ў Расею — з пачатку жніўня абмежавала экспарт прадукцыі ўсюды, акрамя Кітая, патлумачыўшы гэта неабходнасцю насыціць попыт унутры краіны.
Рэальнай прычынай можа быць успышка птушынага грыпу на некаторых фабрыках, мяркуюць удзельнікі расейскага рынку. Традыцыйна беларускі бок пра факты ўспышак афіцыйна не паведамляе. Эксперты чакаюць, што рашэнне можа павялічыць рост цэн на кураціну, які адбываецца ў РФ з канца 2022 года. У Рассельгаснаглядзе, зрэшты, разлічваюць на забеспячэнне патрэб унутранага рынку лакальнымі гульцамі, піша “Коммерсант”.
Наваполацк мае кепскія паказчыкі
Наваполацк не змог выканаць 5 з 13 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўныя праблемы – адток інвестыцый і скарачэнне колькасці насельніцтва, якое занята ў эканоміцы.
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Наваполацка падвялі ў гарадскім выканкаме. Чыноўнікі імкнуліся запэўніць, што санкцыі ніяк не паўплывалі на эканоміку горада, аднак прызналі відавочныя праблемы і невыкананне некаторых паказчыкаў. У гарадскіх уладаў вялікія пытанні ўзніклі да дзейнасці прадпрыемстваў па прыцягненні інвестыцый. Праблема пагаршаецца з кожным годам – інвестары не хочуць укладаць грошы ў беларускія прадпрыемствы на фоне працяглага палітычнага крызісу ў краіне і ўцягванні Беларусі ў вайну супраць Украіны. Інвестараў таксама палохае адсутнасць якіх-небудзь гарантый.
Наваполацкія ўлады прызналі і зніжэнне колькасці насельніцтва, якое занята ў эканоміцы горада, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.
Беспрацоўе ў Польшчы дасягнула самага нізкага ўзроўню ў гісторыі
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла, што ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя напрыканцы чэрвеня склаў 5%. Месяц таму анлагічны паказчык складаў 5,1%. Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец чэрвеня склала каля 783 тысяч чалавек, у параўнанні з 802,3 тысячы чалавек месяцам раней.
Узровень беспрацоўя стаў самым нізкім у гісторыі Польшчы пасля падзення камуністычнага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.