З архіва Музея памяці Сібіры: „Ваеннай цэнзурай прагледжана”
Музей Памяці Сібіры ў Беластоку крапатліва збірае дакументы жыхароў Падляшша, сваякі якіх былі высланыя ў Сібір. Сярод экспанатаў – знакаміты тыповы ліст-трохкутнік з пазнакай „Прагледжана ваеннай цэнзурай”, які дасылалі падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Украіна і Расеі.
З экспанатам пазнаёміў кіраўнік аддзела культурніцкіх праектаў музея Пётр Паплаўскі:
– Сям’я Длугаленскіх была дэпартавана ў чэрвені 1941 года з Лончын, Астралецкага павету да Алтайскага краю, вёскі Лебяжка. Генрык Длугаленьскі перад вайной быў вайскоўцам у Вільні. У 1943 году быў прызваны ў 1-ю дывізію пяхоты імя Касцюшкі, якая была пад шчыльным савецкім палітычным кантролем. Жаўнеры гэтай вайсковай адзінкі траплялі пад палітычна-выхаваўчы апарат. І маем тут ліст, які датычыцца менавіта таго перыяду, калі спадар Генрык трапіў у войска, дзе ўся карэспандэнцыя праходзіла праз вайсковую цэнзуру.
Такія лісты ў ХХ стагоддзі, як і большасць перапіскі на землях былога СССР, знаходзіліся пад кантролем органаў дзяржаўнай бяспекі, а таксама Камуністычнай Партыі. Звесткі ваеннага, палітычнага і эканамічнага характару, выяўленыя ў лістах, знішчаліся фізічна.
Беларускае Радыё Рацыя