Абвешчаны збор для дзяцей палітвязняў у школу
Чатыры ініцыятывы аб’ядналіся, каб зноў стварыць цуд. Збор сродкаў для школьнікаў 1-11 класаў ладзяць Фонд Беларускай Салідарнасці BYSOL, дабрачынны фонд „Краіна для Жыцця”, ініцыятыва дапамогі палітычным зняволеным у Беларусі Dissidentby, дабрачынная арганізацыя Littowin LIONS CLUB.
Абяцаецца выплаціць па 100€ на кожнае дзіця палітвязняў бацькоў. Усяго — 236 дзяцей. „Многія сем’і сутыкнуліся з цяжкімі выпрабаваннямі праз палітычныя пераследы. Бацькі былі незаслужана пазбаўленыя волі, а дзеці застаюцца без падтрымкі і апоры аднаго, а часам і абодвух бацькоў. Але час ідзе, і зусім хутка маленькім беларусам зноў сядаць за парты. Кожнаму дзіцяці неабходныя школьныя прылады, падручнікі, адзенне і абутак, каб яны маглі паспяхова вучыцца і развівацца. А што рабіць тым, у каго не хапае сродкаў сабраць малых да школы?” — кажуць інцыятары збору. Яны запускаюць збор на падрыхтоўку да новага навучальнага года для дзяцей палітвязняў і людзей, якія выйшлі на волю пасля зняволення.
Папярэднія такія зборы — грошы на Новы год для дзяцей палітвязняў і на летнія вакацыі — былі паспяхова рэалізаваныя.
Пакуль сабрана амаль 9 тысяч еўра з 23600. То бок забяспечаны 89 дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя