25 гадоў “Вандроўкам па Вільні”



25 гадоў таму ў Вільні выдавецтвам таварыства беларускай культуры “Рунь” была выдадзена цудоўная кніга Лявона Луцкевіча “Вандроўкі па Вільні”. На вялікі жаль, аўтар яе Лявон Луцкевіч (1922-1997) кнігі сваёй дачакацца не паспеў. Гэта была сапраўдная падзея для беларусаў. І першая кніжка, прысвечаная велізарнай і важнай праблеме “Беларусы і Вільня”.

Напісаў яе карэнны вілянчук, сын выдатнага дзеяча беларускага Адраджэння Антона Луцкевіча (1884-1946) і пляменнік другога не менш выдатнага дзеяча Івана Луцкевіча (1881-1919). Аўтар тады паўстаў перад чытачамі не толькі руплівым следапытам мінулага, унікальным збіральнікам і сістэматызатарам разнастайных звестак, але і сведкам бурлівых падзей ХХ стагоддзя. Тым большая была і застаецца каштоўнасць гэтай кнігі да сённяшніх дзён.

У “Вандроўках па Вільні” шмат несумненных вартасцей – дасведчанасць аўтара, папулярнасць аповеду, простая, даходлівая мова, талерантнае стаўленне да іншых народаў. І галоўнае, што ў кнізе – гэта безліч інфармацыі на параўнальна невялікай плошчы.

Калі прачытаў гэту кнігу вядомы наш даследчык мінуўшчыны, доктар філалагічных навук Генадзь Кісялёў (1931-2008), то сказаў, што “ў будучым пра сувязі Вільні з Беларуссю пажадана выдаць поўны энцыклапедычны даведнік, і кніга Лявона Луцкевіча будзе незаменнай для яго падпорай і арыенцірам”. Прайшло ўжо 25 гадоў, а пра беларускую Вільню ў нас энцыклапедычнага даведніка так і не з’явілася. Пакуль ім з’яўляецца толькі кніга Лявона Луцкевіча “Вандроўкі па Вільні”.

Беларускае Радыё Рацыя