Юлія Міцкевіч: Неабходна, каб жанчыны былі ўключаны ў сферу палітычных рашэнняў



У звязку з гадавінай пратэстаў 2020 года, якая да нас набліжаецца – варта прыгадаць ролю жанчынаў у гэтым працэсе, а таксама іх ролю у грамадскім жыцці.

Пра вобраз жанчын на пратэстах ды значэнне гендэрнай роўнасці ў Беларусі расказвае прадстаўніца фем-групы Каардынацыйнай Рады, гендэрная экспертка Юлія Міцкевіч:

-Жанчыны ў Беларусі актыўныя і ўвогуле рухавікі перамен у крызісныя моманты. І часта сапраўды ўзнікае такая сітуацыя і з’яўляецца магчымасць жанчынам праявіць сябе. А вось ужо далей гэта вялікая праца і вялікая задача зрабіць так, каб голас жанчын не быў проста голасам з вуліцы, як гэта было на пратэстах, а каб яны былі пасля ўключаны ў тую самую палітыку, у сферу палітычных рашэнняў. У сваю чаргу, нашая фем-група, адной з арганізатарак якой я з’яўляюся, з’явілася менавіта таму, што мы ведалі гісторыю, мы ведалі гісторыю “Салідарнасці”, дзе было вельмі шмат жанчын у авангардзе, але іх адсунулі. Каго ўспамінаюць? Валенсу, канешне, і так далей. Мала жаночых імёнаў, хоць іх было шмат. І зараз яны адкрываюцца наноў, з’яўляюцца фільмы, кнігі. Тое ж самае было і падчас “Арабскай вясны”, калі жанчыны былі ў авангардзе. Нават падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расейскай імперыі. Ёсць меркаванне, што каб не жанчыны, якія выйшлі тады на свае маніфестацыі, гэтая рэвалюцыя магла не здарыцца.

І так часта адбываецца, што пасля руліць працягваюць мужчыны, а жанчынам адводзіцца другасная роля. Мужчыны ў гэтым сэнсе ўмеюць выкарыстоўваць сябе, свае сувязі, кантакты, у іх больш магчымасцяў публічных выступаў. Дастаткова паглядзець на нашыя незалежныя медыя, каго туды запрашаюць пастаянна ў якасці экспертаў. І гэта праблема, з якой мы зараз спрабуем змагацца, супрацьстаяць гэтаму, неяк тлумачыць, чаму важна займацца гендэрнай роўнасцю не пасля таго, як мы прыйдзем да ўлады, зменім сітуацыю, рэжым, а паралельна з гэтым. Бо адно без другога не існуе, бо гэта частка дэмакратыі, гэта пра сацыяльную справядлівасць, пра правы чалавека. Таму прасоўванне жанчын у палітыку мусіць быць задача не толькі гэтых жанчын, але і тых, хто іх гатовы падтрымліваць.

Нават, калі ўзгадаць Святлану Ціханоўскую. Калі яна стала нацыянальнай лідаркай дэмсіл у выгнанні, яна вельмі доўга ў інтэрв’ю гаварыла, што яна не палітык, што яна маці, жонка мужа і так далей. Гэта таксама праблема, якая ўласцівая жанчынам, гэты сіндром «самазванкі». Зараз, на шчасце, яна памяняла сваю рыторыку і называе сябе палітыкам. Таму што яна, безумоўна, палітык і робіць неверагодную работу. Вялікае пытанне, ці знайшоўся б такі мужчына ў дэмсілах, які б мог столькі зрабіць і так прасоўваць Беларусь на міжнароднай арэне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя