Утрыманне Статкевіча ў Шклове стварала праблемы для адміністрацыі калоніі (абноўлена)
«Утрыманне Міколы Статкевіча ў Шклоўскай калоніі стварала пэўныя праблемы для адміністрацыі папраўчай установы, – лічыць Барыс Бухель. – Таму і было вырашана абвінаваціць яго ў парушэнні правілаў адбыцця пакарання. У прыватнасці Мікола Статкевіч адмаўляўся ад прымусовай звышнармаванай працы.
– Чалавек, да якога ўсе зняволеныя прыслухоўваюцца. Чалавек, які можа служыць для іх прыкладам паводзінаў. Канечне, там няма і сонечнага святла ў чатырох сценах, і размаўляць няма з кім – хоць сам з сабой размаўляй.
Мікалай Статкевіч выглядае нармальна і не прызнае віну ў інкрымінаваных яму дзеяннях, заявіла жонка палітыка Марына Адамовіч, якая прысутнічала на пасяджэнні Шклоўскага раённага суда ў калоніі № 17.
Палітвязень правядзе ў турме яшчэ больш за год і 7 месяцаў зняволення.
«Міколу Статкевіча могуць накіраваць з калоніі у турму ўжо сёння, не адкладваючы на потым рашэнне суддзі Шклоўскага раёна Баранчыкавай», – паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.
Па яе словах, абскардзіць рашэнне суда, які пагоршыў умовы ўтрымання Статкевіча, можна толькі ў наглядным парадку.
– Візуальныя прыкметы судовага паседжання выконваліся. Мікола мог гаварыць пра свае перакананні. Ён казаў пра гэтую сістэму, пра шматлікія парушэнні з боку адміністрацыі калоніі, пра прымусовую працу, супрацоўнікі калоніі выглядалі бледна.
Жонка Мікалая Статкевіча падкрэсліла, што ў судовым рашэнні гаворыцца, што паседжанне было адкрытым. Хоць на самай справе на разгляд не дапусцілі прадстаўніка Еўрапейскага звязу, праваабаронцаў і паплечнікаў палітычнага вязня.
* * *
Экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу зноў зрабілі больш жорсткім рэжым адбыцця пакарання.
4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваецца палітык, суддзя Шклоўскага раённага суда Баранцава прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і прыняла рашэння накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў турму, а гэта 1 год і 7 месяцаў.
На пасяджэнні прысутнічалі толькі адвакат і жонка Статкевіча – Марына Адамовіч.
„Мікалай Статкевіч выглядае нармальна і не прызнае віны ў інкрымінаваных яму дзеяннях”, – заявіла Марына Адамовіч:
– Рашэнне суддзі Баранцавай са Шклоўскага раённага суда задаволіла хадайніцтва кіраўніцтва Шклоўскай калоніі і пастанаваіла прысудзіць Міколу да далейшага адбывання пакарання ва ўмовах строгага турэмнага рэжыму. Ён пераводзіцца ў турму да канца тэрміну. Паседжанне праходзіла на тэрыторыі Шклоўскай калоніі. І гэта з’явілася фармальнай нагодай для таго, каб не пусціць туды прысутных. Хоць у судовым рашэнні зацверджана, як дарэчы і тры гады таму, што суд праходзіў у адкрытым паседжанні.
«Мікола прасіў перадаць усім, што ніколі не адмовіцца ад сваіх прынцыпаў і перакананняў», – дадала Марына Адамовіч.
Начальнік Шклоўскай калоніі, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, і яго намеснік унесеныя ў чорны спіс ЕЗ — ім забаронены ўезд на тэрыторыю краін Еўразвяза.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Праваабаронца Алег Волчак распавядае, чаму Мікалаю Статкевічу могуць змяніць рэжым адбыцця пакарання.
Сёння – суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Яму могуць змяніць рэжым адбыцця пакарання на турэмны.
Алег Волчак: На мой погляд, зараз ідзе псіхалагічны ціск на Міколу, каб той ўсё ж-такі падпісаў прашэнне аб памілаванні. Ужо не раз улада публічна заяўляла, што ўсе “палітычныя” на волі, бо падпісалі такія паперы, і толькі Статкевіч не здаецца. Мяркую, што суд прыме рашэнне перавесці Міколу на турэмны рэжым, каб маральна яшчэ раз на яго націснуць. Калі б апазіцыя правяла нармальны “круглы стол”, заявіла аб абранні адзінага кандыдата на выбары, то ўладзе было б складаней прымаць такія непапулярныя рашэнні. Але дэмакратычныя сілы слабыя, і афіцыйны Менск вырашыў яшчэ раз паказаць Захаду (менавіта ў той час, як адносіны з еўрапейскімі краінамі сталі нармалізавацца), што будзе рабіць так, як захоча. Што паўплываць на сітуацыю ніхто не зможа.
РР: І якой, на ваш погляд, можа быць рэакцыя Захада, калі Статкевічу ўзмоцняць рэжым утрымання?
Алег Волчак: Сёння Еўразвяз не зацікаўлены псаваць адносіны з Лукашэнкам. Беларуская ўлада цудоўна разумее, што з боку Еўропы не будзе рэзкіх рухаў з-за праблемы палітвязняў, еўрачыноўнікі будуць захоўваць нейтральны статус. Асудзілі – і асудзілі. У нейкія прававыя калізіі, ці парушаў Статкевіч рэжым, ніхто паглыбляцца не будзе. Тым больш, наколькі вядома, працэс у турме пройдзе закрытым, таму тыя ж паслы там прысутнічаць не будуць. На мой погляд, адрэагуюць на сітуацыю толькі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі – і ўсё. Зараз для Еўропы галоўная праблема – сітуцыя ва Украіне. І тут беларускія ўлады ў іх як бы ў саюзніках. Не да палітвязняў.
РР: Даказаць зняволенаму за кратамі, што праўда на яго баку, складана?
Алег Волчак: Практычна немагчыма. Гэтую ж тэму мы адпрацоўвалі з нядаўнім палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, таму відавочна, што рапарт на чалавека ў калоніі могуць скласці за што заўгодна – за непрышпілены гузік ці нешта іншае. Фармальна – гэта парушэнне. Збіраюць некалькі такіх за месяц, і зняволены становіцца злосным парушальнікам рэжыму. Апратэставаць усё гэта надзвычай складана, таму што падзеі адбываюцца ўнутры калоніі. Таму, калі захочуць перавесці Статкевіча на турэмны рэжым, – перавядуць. І, думаю, ва ўлады ёсць такое жаданне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя