Паветраныя сілы Украіны абверглі запуск ракет з Беларусі
Прадстаўнік Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат абверг запуск ракет з Беларусі і растлумачыў, як маглі з’явіцца чуткі аб пусках у суботу.
Юрый Ігнат патлумачыў, што ракеты «Кінжал» былі запушчаныя з самалёта МіГ-31 паблізу Тамбова і траекторыя іх палёту праходзіла праз Беларусь. І менавіта з гэтага боку яны заходзілі ў паветраную прастору Украіны ў напрамку Хмяльніцкай вобласці, сказаў ён.
Ігнат падкрэсліў, што СМІ ўспрымаюць гэта як навіна, але насамрэч нічога новага ў гэтым няма. Расея даўно выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі.
„Яна была запушчана з самалёта МіГ-31К з раёна Тамбова, а як яна па маршруце ляціць, вы ж разумееце: скрыжаванне трох краін Беларусі, Расеі, Украіны, яна кранае паветраную прастору Беларусі”, – растлумачыў ён.