Па выніках ліпеня прафіцыт валюты ў Беларусі перавысіў $330 млн
Грамадзяне Беларусі ў ліпені прадалі валюты на чыстай аснове на $76,1 млн. Гэта амаль удвая больш, чым месяц таму. Прадпрыемствы таксама прадалі СКВ больш, чым купілі, але гэта, хутчэй за ўсё, часовы трэнд, які звязаны з выплатай квартальных падаткаў. Нацбанк апублікаваў свежую статыстыку валютнага рынку.
Фізічныя асобы ўжо даўно чыстыя прадаўцы валюты. З пачатку года яны прадалі больш, чым купілі, на $381 млн. У ліпені грамадзяне здавалі валюту больш актыўна, чым у чэрвені, што, увогуле, нетыпова для мінулых гадоў. Звычайна ў перыяд водпускаў купля валюты ў гэтай катэгорыі ўзрастае.
Тое, што прадпрыемствы здаюць валютную «заначку» напярэдадні падатковых перыядаў, – даўняя тэндэнцыя. Праўда, паказальна, што на гэты раз яны прадалі на чыстай аснове значна больш, чым звычайна — $175,4 млн. А з пачатку года працягваюць заставацца чыстымі пакупнікамі на $466,7 млн.
З іншых катэгорый удзельнікаў валютнага рынку чакана прадалі на $142,8 млн больш, чым купілі, прадпрыемствы-нерэзідэнты. А банкі, наадварот, за ліпень купілі на чыстай аснове $64 млн. У цэлым на рынку ў ліпені сфарміраваўся прафіцыт валюты на $330 млн.