Золатавалютныя рэзервы за ліпень выраслі на 182 мільёны даляраў



Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 жніўня склалі 7 мільярдаў 973,5 мільёны даляраў у эквіваленце, паведамляе Нацбанк. За ліпень золатавалютныя рэзервы выраслі на 182 мільёны даляраў пасля зніжэння ў чэрвені на 80,6 мільёнаў даляраў. Наогул перад гэтым запасы тры месяцы запар зніжаліся.

Са жніўня мінулага года Нацбанк публікуе інфармацыю толькі пра аб’ём золатавалютных рэзерваў без дэталізацыі іх структуры, а таксама ўказання фактараў, якія ўплываюць на іх змяненне. Аднак тлумачэнні дае Еўразійскі банк развіцця. Да прыкладу, у сакавіку беларускія рэзервы выраслі дзякуючы падаражэнню золата на сусветным рынку амаль на восем працэнтаў. Акрамя таго, адбілася заўважнае падзенне попыту на валюту на ўнутраным рынку.

Згодна з планамі ўрада, на канец года залаты запас краіны павінен складаць не менш за шэсць мільярдаў даляраў.

Беларусы запусцілі новы брэнд адзення Rabi Pilna

Пакуль што ў калекцыі праекта, што паўстаў у Вільні, толькі кашулькі з цытатамі Каліноўскага з “Мужыцкай праўды” і “Лістоў з-пад шыбеніцы”. Першая калекцыя футболак называецца “Jaśko, haspadar z pad Wilni”. Так падпісваў свае артыкулы-звароты ў “Мужыцкай праўдзе” Кастусь Каліноўскі.

Як пішуць стваральнікі Rabi Pilna, калекцыя прысвечана 160-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага. Кошт кашулек — 30 еўра плюс кошт дастаўкі. Пры гэтым тры працэнты ад кошту пойдзе на ўшанаванне памяці паўстанцаў на Дзядзы ў Вільні – піша budzma.org.

Фільм “Барбі” сабраў ужо мільярд даляраў у сусветным пракаце

Камедыя Грэты Гервіг “Барбі” праз два з паловай тыдні пасля выхаду ў сусветны пракат зарабіла мільярд даляраў, паведамляюць стваральнікі фільма. Па стане на нядзелю, карціна сабрала 459 мільёнаў даляраў у амерыканскім пракаце і 572 мільёны — у сусветным.

Сусветная прэм’ера карціны адбылася 21 ліпеня — у адзін дзень з драмай Крыстафера Нолана “Апенгеймер”.

Еўра і даляр істотна выраслі на Беларускай фондавай біржы

Па выніках таргоў 7 жніўня, даляр вырас на 1,23% і цяпер за яго даюць 3,15 рубля. Еўра падаражэў адразу на 5 капеек, і цяпер каштуе 3,42 рубля. Гэта найвышэйшыя паказчыкі гэтых валют за год.

Расейскі рубель працягнуў падзенне. Цяпер 100 расейскіх рублёў каштуюць 3,27 беларускіх. Гэта самая нізкая планка расейскай валюты сёлета.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: fortrader.org.