У Пінску цеплаход пачаў новы сезон
Нягледзячы на тое, што ровень вады на беларускім Палессі ўпаў да крытычных нормаў, у Пінску прагулачны цеплаход распачаў новы сезон навігацыі. Гэта цешыць турфірмы, бо для турыстаў падарожжа па Піне, як і сам цеплаход, з’яўляецца ўлюбёнай адметнасцю палескай сталіцы.
Літаральна два гады таму ўздымалася пытанне пра закрыццё рачнога вакзала і адмене прагулачных рэйсаў, але дзякуючы мясцовым экскурсаводам ды грамадскасці традыцыі захаваліся.
Тым не менш паўстаюць іншыя праблемы. У першую чаргу яны звязаныя з паслугамі на цеплаходзе, кажа намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
– Ходзіць па рацэ наш белы цеплаход, але не толькі не робіць доўгіх рэйсаў, але няма буфету. І, калі катаеш групу, заўсёды ўзнікае пытанне: „Пачакайце, пачакайце, дайце нам час, каб забегчы купіць марозіва ці ліманад!”
У Пінскім прадстаўніцтве Беларускага рачнога параходства адзначаюць, што для цеплахода няма ніякіх пагроз з-за падзення роўня вады, а вось баржы на 30% скарацілі колькасць перавоза грузу.
Беларускае Радыё Рацыя