Польшча адправіць дадатковыя сілы на мяжу з Беларуссю
Польская памежная служба папрасіла Мінабароны краіны адправіць на мяжу з Беларуссю яшчэ тысячу жаўнераў. Пра гэта паведамляе тэлеканал Polsat са спасылкай на намесніка міністра ўнутраных спраў краіны Мацея Вонсіка.
Мацей Вонсік на прэс-канферэнцыі 7 жніўня адзначыў, што на мяжы нарастае агрэсія супраць афіцэраў польскай памежнай службы з боку мігрантаў, якія спрабуюць незаконна прарвацца ў Еўразвяз з боку Беларусі.
«Трэба сказаць, што ўвесь гэты працэс, без выключэння, арганізаваны беларускімі памежнікамі… Змяняецца характар гэтых парушэнняў, усё больш агрэсіі ў бок польскіх жаўнераў, службоўцаў памежнай аховы, паліцыянтаў. Пастаянна ляцяць бутэлькі, камяні, галіны», — сказаў Вонсік.
«Мы маем справу з арганізаванай акцыяй на польска-беларускай мяжы», – паведаміў ён і дадаў, што ген. SG Tomasz Praga звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі з просьбай перавесці тысячу жаўнераў на польска-беларускую мяжу.