Магчымы лёс пашпарту незалежнай Беларусі
Падчас Канферэнцыі “Новая Беларусь 2023” прэзентавалі ўзор меркаванага Нацыянальнага пашпарту Беларусі.
Адразу скажу, што ідэя на сімвалічным узроўні вельмі важная для падтрымкі маральнага духу беларусаў у выгнанні.
А вось у практычным значэнні ў магчымага пашпарту лёс вымалёўваецца досыць цьмяны.
Ёсць тыя, каго можна назваць “новыя беларусы” па аналогіі з вобразным азначэннем “Новая Беларусь”.
Гэта канкрэтныя людзі з выразнай прадэмакратычнай і прабеларускай пазіцыяй. А вось паняцце Новая Беларусь – віртуальнае.
Можна пачуць прыклады з пашпартамі, якія выдаваў польскі ўрад у выгнанні падчас Другой Сусветнай вайны.
Але справа ў тым, што Польшча была акупаваная дэ-юрэ. І ўрад у яе быў сфармаваны перад нацысцкай акупацыяй.
У беларусаў ёсць Святлана Ціханоўская, якая можа абсалютна легітымна рэпрэзентаваць беларусаў, бо законна абраная на прэзідэнцкую пасаду.
Але ж спадарыня Ціханоўская з тых ці іншых прычын не прынесла прэзідэнцкую прысягу.
На сёння яна самая вядомая ў свеце грамадска-палітычная дзяячка Беларусі.
Шмат гучала не ў малой ступені справядлівых галасоў, што палітычнае жалеза трэба было каваць пакуль ў 2020 годзе першыя два-тры месяцы пасля дня выбараў 9 жніўня ішлі бесперапынныя акцыі пратэсту. І найперш нядзельныя Маршы ў Менску як невераемна масавыя.
Але і цяпер застаецца шанец стварыць легітымны для краін дэмакратыі кіроўны орган Беларусі.
У тым выпадку, калі хоць бы адна краіна прызнае Рэспубліку Беларусь акупаванай дзяржавай.
Лукашэнка і так для Захаду блізка не прэзідэнт, а ўзурпатар улады, якая трымаецца выключна на адданасці карных органаў.
Але ў Менску застаюцца і працуюць амбасады шмат якіх дэмакратычных дзяржаваў.
А Украіна не разрывае дыпламатычныя адносіны, хоць рэфрэн “а з вашай тэрыторыі ракеты ляцяць” не спыняецца.
Мы бачым гібрыдны палітычны свет, калі ўсе ўсё разумеюць, але дзеля геапалітычных інтарэсаў падтрымліваюць ілюзію самастойнасці Лукашэнкі і падкантрольнай яму тэрыторыі, то бок Беларусі.
Таму тэарэтычна пашпарты Новай Беларусі могуць выдавацца, але ўсё роўна з кодам той ці іншай дзяржавы.
Напрыклад, у новым дакуменце можа быць напісана штосьці кшталту “Польская Рэспубліка. Падарожны дакумент для беларусаў”.
Пры ўсіх сумневах я вітаю ініцыятыву з пашпартам для беларусаў у выгнанні. Бо ён на сімвалічным узроўні можа быць дакументам беларускай дыяспары.
Такога яшчэ нідзе не было. Бо папярэднія дыяспары розных краін складаліся альбо з бежанцаў ад вайны, альбо з бежанцаў ад голаду ці эканамічнай разрухі.
А ў новых беларускіх дыяспар невераемна моцная палітычная складовая.
Жыве!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя