Даследчык паселішчаў Верхняга Панямоння
Напачатку жніўня кандыдату гістарычных навук, беларускаму археолагу Валерыю Шаблюку (1953-1997) споўнілася б 70 гадоў. Але гэты і ранейшыя юбілеі гісторыку, на вялікі жаль, сустрэць не пашчасціла. Ён загінуў ва ўзросце 44 гадоў у дарожна-транспартным здарэнні.
Родам Валерый Шаблюк быў з Узды. Скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Кірункі навуковай дзейнасці гісторыка былі – археалогія сярэднявечных сельскіх паселішчаў і мястэчак (у той час новы кірунак у беларускай археалогіі). У 1991 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме: «Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV—XVIII ст.ст.», у 1996 годзе апублікаваную як манаграфія. У 1995 годзе выйшла кніга Валерыя Шаблюка «Двор у Туганавічах». Ён апублікаваў па гісторыі і археалогіі Беларусі каля 100 артыкулаў у “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”. Даследаваў таксама гістарычную тапаграфію, забудовы прынёманскіх мястэчак у XVI-XVIII стагоддзях…
Валерый Шаблюк быў старшынём першаснай прафсаюзнай арганізацыі педагогаў Інстытута гісторыі АН Беларусі Беларускага свабоднага прафсаюза, кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па Усходняй выбарчай акрузе №246 г. Менска.
Шмат мог зрабіць Валерый Шаблюк на ніве гістарычнай навукі і, магчыма, палітыкі, але лёс яму даў кароткае жыццё.
Беларускае Радыё Рацыя