Польскія памежнікі просяць накіраваць яшчэ тысячу вайскоўцаў на мяжу



Памежная служба Польшчы папрасіла Міністэрства абароны накіраваць яшчэ 1000 вайскоўцаў на мяжу з Беларуссю, піша Reuters са спасылкай на намесніка міністра ўнутраных спраў Мацея Вонсіка.

З такой просьбай памежнікі звярнуліся з-за ўзрослай колькасці спробаў нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу. Паводле звестак службы, сёлета 19 тысяч чалавек спрабавалі трапіць у Польшчу праз мяжу з Беларуссю ў абыход законных працэдур. Летась такіх спробаў было менш — 16 тысяч.

Польшча пабудавала плот на мяжы з Беларуссю, абсталяваны электроннымі сродкамі абароны. Нядаўна ў сеціве з’явілася фота нібыта байца ПВК Вагнера, які сфатаграфаваўся непадалёк ад памежнага знака.

Са слоў прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, гэтыя дзеянні скіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі на ўсходнім флангу NATO.