У Беластоку для дзяцей і дарослых выступіў Маляваныч
Беларускі актор паказаў Батлейку, правёў некалькі беларускіх гульняў, распавёў казку пра Піпі Доўгую панчоху і зладзіў майстар-клас па вырабе папяровых самалёцікаў.
Актор Аляксандр Ждановіч, вядомы ўсім як Маляваныч, падзяліўся сваімі прыемнымі ўражаннямі ад мерапрыемства:
– Заўсёды сустрэчы з дзецьмі – гэта вясёлая катастрофа. Ніколі не ведаеш, хто і што вытварыць. З іншага боку я заўсёды гатовы да нечаканасцяў, таму гатовы да імправізацыі. Паўсюль дзеткі класныя, уражанні самыя добрыя. Прыйшло шмат дзяцей. Дарэчы, магу сказаць, што ў большай ступені, мне падалося, што яны валодаюць беларускай мовай.
Як адзначыў арганізатар мерапрыемства Павел Міцкевіч з фундацыі „Вакно на Усход”, падчас мерапрыемства атрымалася спалучыць розныя пакаленні.
– У многіх дзяцей у Беластоку перапынак у садках, бацькам цяжка знайсці месца, дзе пакінуць іх пакінуць на гэты час. Атрымалася запрасіць Маляваныча, каб сустрэцца з нашымі беларускімі дзецьмі ў Беластоку. Бацькі, з аднаго боку, могуць прыгадаць дзяцінства, а дзеці праз Маляваныча могуць пабачыць, якое дзяцінства мелі іх бацькі.
Падчас мерапрыемства Маляваныч паказаў батлеечны спектакль “Цар Ірад”, распавёў казку пра Піпі Доўгуюпанчоху і пагуляў з дзецьмі ў беларускія гульні.
Беларускі актор Аляксандр Ждановіч быў звольнены з палітычных матываў з Нацыянальнага драматычнага тэатра Горкага ў 2021 годзе, дзе працаваў цягам 36 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя