Валер Кавалеўскі: Мы заяўляем пра намер уступаць у Еўрапейскі звяз
Ці ёсць кандыдатура на вакантнае месца ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі ды якія палітычныя высновы робім пасля бурлівых палітычных выходных. Спачатку кабінет трымаў справаздачу перад каардынацыйнай радай. А пасля ў Варшаве прайшла – канферэнцыя «Новая Беларусь 2023». Гэтыя ды іншыя тэмы – з нашым госцем – прадстаўніком па замежных справах Кабінету Валерам Кавалеўскім абмеркаваў Улад Грынеўскі:
— У адзін час адбыліся вельмі важныя падзеі: слуханне ў Каардынацыйнай радзе, датычна дзейнасці кабінета, ацэнкі Каардынацыйнай рады. Гэта быў першы досвед публічных слуханняў выканаўчай структуры АПК перад прадстаўнічай структурай Каардынацыйнай рады. Для нас гэта быў новы важны досвед, і мы вельмі спадзяваліся, што гэта таксама будзе адсочвацца і будзе ацэнена беларускім грамадствам.
Сама канферэнцыя, што адбылася, яна прывяла да прыняцця некалькі важных дэкларацый. З іх я б назваў найбольш важнай дэкларацыю аб еўрапейскім выбары Беларусі – мы заяўляем пра намер уступаць у Еўрапейскі звяз. Гэта вельмі стратэгічны выбар, магістраль па якой мы будзем далей ісці. Я думаю, што гэтая тэма вельмі рэзануе сярод грамадзянаў Беларусі. У кантэксце таго, што Беларусь цяпер ёсць мішэнню для атакі з боку Расейскай Федэрацыі. Атакі нацэленыя на тое, каб адабраць нашую незалежнасць, падарваць наш суверэнітэт і знішчыць нашую нацыянальную ідэнтычнасць.
І праект пашпарта якраз вельмі сінхранізаваны з еўрапейскім выбарам Беларусі. Бо ён вельмі выразна паказвае прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай цывілізацыі, праз нашыя сімвалы, атрыбуты. Пашпарт мае стаць атрыбутам, што паказвае і суб’ектнасць беларускай нацыі, і прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі.
Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі, як кажуць у кабінеце з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў, якія апынуліся за мяжой і сустрэліся з праблемамі з дакументамі. Кабінет збірае зваротную сувязь ад беларусаў пра гэты праект. Паведаміў наш госць — прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.
Беларускае Радыё Рацыя