Чаму беларусы не з’язджаюць



І я таксама не хацеў з’язджаць з Беларусі.

Памятаю свае слёзы замілавання, калі я пасля першай спробы эміграцыі вярнуўся ў Менск, і ездзіў з мікрараёну Чыжоўка шаснаццатым маршрутам тралейбусу ў цэнтр сталіцы.

Я люблю свае сумёты снегу на фоне звыклых з дзяцінства краявідаў.

Я люблю сваю раку Свіслач побач са старым Чэрвеньскім рынкам у кожны перыяд году.

Я люблю сваіх суайчыннікаў, бо толькі з імі магу гаварыць агульнай для нас мовай вобразаў і сімвалаў.

Але галоўнае – я люблю адчуванне таго, што я на сваёй зямлі.

Вось гэтае адчуванне права на сваё і пакідае людзей у Беларусі, нават калі яны знаходзяцца ў зоне рызыкі быць затрыманымі і кінутымі за краты па крымінальным артыкуле.

Я прайшоў праз падобнае затрыманне, таму гэты свой выступ базую не толькі на лагічных ланцужках, але і на перажытых адчуваннях.

Давайце згадаем хто з вядомых у сваіх сферах людзей прынцыпова адмовіўся з’язджаць з Беларусі.

Менскі дырэктар «Еўрарадыё» і «Белорысы и рынок» Канстанцін Залатых. Вайсковы аналітык Ягор Лебядок. Аналітык спецслужбаў Андрэй Паротнікаў. Медыяменаджар Андрэй Аляксандраў. Марына Золатава, галоўны рэдактар TUT.by.

Шэраг вялікі, я згадваю толькі самых топавых у сваіх сферах.

Цяпер і Ігар Карней, вядомы многім чытачам і слухачам журналіст.

Я згадваю як я ехаў у тралейбусе шаснаццатага маршруту, і мне патэлефанавала жонка, і паведаміла, што да нас да дому прыходзіў дзіўны міліцыянт.

Незвычайнасць была ў тым, што ён не прадставіўся. Звычайна па кватэрах ходзяць альбо ўчастковыя, альбо ДАІшнікі, якія пытаюцца ці не бачылі мы хто скраў колы з суседскай машыны.

І нават калі я адчуў ужо відавочную пагрозу, я не хацеў з’язджаць. Бо гэта мая зямля.

Калі чалавек разумее, што фізічна ён рана ці позна скончыцца, такі чалавек разумее, што гонар і годнасць – гэта фактычна адзінае, што ў яго ёсць.

Больш за тое, калі палітычны ў лукашэнкаўскай вязніцы стаіць рукамі на сценку, ён не ведае, ці пражыве наступную хвіліну.

Таму я разумею людзей, якія не з’язджаюць. Бо не хацеў быць эмігрантам. Хацеў быць на сваёй зямлі. Бо сам стаяў каля сценкі з рукамі навыварат. Але зразумеў, што калі ёсць шанец, лепш застацца на волі. І пасля пераходзіў казінымі сцяжынкамі дзве мяжы. Ды яшчэ ў лютыя маразы.

Людзі не з’язджаюць, бо жыць у Беларусі – гэта таксама супраціў.

Лукашысты чакалі, што ўсе «апазіцыянеры» знікнуць, і ябацькі пабудуюць свой вычварны рай.

Так не будзе. Бо лукашыстаў меншасць.

А беларусаў здаровага адцення – большасць.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя