Гарады-прывіды
Другое лета як украінскія марскія курорты недаступныя для турыстаў. З траўня па кастрычнік Чорнае мора спаборнічала ў папулярнасці з Азоўскім морам, чыё ўзбярэжжа зараз цалкам акупавана расейскімі «вызваліцелямі». Чарнаморскае ўзбярэжжа недаступна для адпачынку праз пагрозы ракетных нападаў і міннай небяспекі. Цяпер акупаваныя Бярдзянск і Кірылаўка, што ў Запарожскай вобласці, два гады таму асабліва прыцягвалі турыстаў з Беларусі: кошты значна больш дэмакратычныя, чым у «раскручанай» Адэсе, але па ўзроўні сэрвісу ёй ані не ўступалі.
І для параўнання: тыдзень адпачынку для беларускай радзіны ў Турцыі – гэта тры тыдні за тыя ж грошы на ўкраінскім моры. Але так як вайна і турызм – паняцці несумяшчальныя, то хутчэй за ўсё і па заканчэнні вайны марскі адпачынак ва Украіне яшчэ некалькі гадоў будзе недаступны, бо водная і пяшчаная часткі пляжаў замініраваны. Па ўсім узбярэжжы ўстаноўлены знакі аб міннай небяспецы і забароне купання, але чамусьці мясцовыя жыхары іх ігнаруюць. Вынік – трагічныя смерці. Больш за тое, у Чорным і Азоўскім морах амаль няма медуз: вораг вызваляе не толькі ўкраінскую зямлю ад украінцаў, але і мора ад іх насельнікаў.
Спусташэнне і запусценне ў прыбярэжнай зоне папулярных курортных гарадоў і пасёлкаў, знішчаныя бомбамі і ракетамі дзясяткі баз адпачынку – знаходзіцца там падобна гульні ў рулетку. Але нягледзячы на вайну ў суседняй Украіне, некаторыя беларускія кампаніі прапануюць паездкі ў анэксаваны РФ Крым. Рэйс з Менска да Ялты. Але ёсць адзін нюанс: пасля перасячэння мяжы з Расеяй беларускія турысты робляць перасадку ў Бранску і едуць у Крым ужо з расейскім перавозчыкам. А гэта, па ўкраінскім заканадаўстве, нелегальна, бо патрапіць на тэрыторыю Крыма можна толькі з мацерыковай часткі Украіны, і парушальнікам пагражае забарона на ўезд у краіну на 5 гадоў.
Гэтае правіла для тых, каму важна застацца чалавекам.
Для недачалавекаў свае правілы: адны расейцы ў ваеннай форме знішчылі ўкраінскі Марыупаль – выдатны горад на паўночным узбярэжжы Азоўскага мора, забілі тысячы людзей, каб іншыя расейцы на руінах і костках ў гэтым жа горадзе купілі сабе жыллё на беразе мора – сайты аб нерухомасці поўным ходам публікуюць аб’явы. Так бы мовіць, удалая інвестыцыя ў новую здраўніцу. Другое лета як украінскія марскія курорты нагадваюць гарады-прывіды.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя