Парк высокіх тэхналогій узначаліў былы супрацоўнік КДБ
На сайце Парка высокіх тэхналогій у раздзеле “Кіраўніцтва” з’явілася абноўленая інфармацыя. Кіраўніком Сакратарыята назіральнай рады ПВТ стаў Аляксандр Базанаў.
Аляксандр Базанаў скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў на розных пасадах у Камітэце дзяржаўнай бяспекі, дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі, МЗС і апараце Саўміна. З лістапада 2010 года працаваў дырэктарам інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Рэарганізацыя структуры парка праходзіла ў адпаведнасці з Указам № 102 “Аб развіцці Парка высокіх тэхналогій”, які быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 12 красавіка сёлета, піша “Наша Ніва”.
Літва замарозіла беларускія актывы на вялікія сумы
Служба расследванняў фінансавых злачынстваў Літвы паведаміла, што ў краіне замарозілі рахункі шэрагу юрыдычных і фізічных асоб Беларусі. Гэта наступствы абмежавальных захадаў за саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Агулам у Літве замарозілі беларускіх і расейскіх актываў больш чым на 103 мільёны еўра. Пад замарожванне актываў трапілі шэсць юрыдычных і адна фізічная асоба з Беларусі. На іх рахунках знайшлі 23,7 мільёны еўра і 7,7 мільёны даляраў.
У сваім паведамленні Служба расследванняў фінансавых злачынстваў таксама апісвае выпадкі абыходу санкцый – завозу ў Расеі падсанкцыйных тавараў. Часцей за ўсё ў такіх схемах задзейнічаныя кампаніі, нядаўна зарэгістраваныя ў Літве.
Продажы легкавых машын у ліпені істотна знізіліся
У ліпені ў Беларусі прадалі на 20,7 працэнта менш легкавых аўтамабіляў, чым у чэрвені. За месяц агулам прадалі 1.627 новых легкавых аўтамабіляў, у чэрвені было больш за дзве тысячы, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
Значную частку рынку, як і раней, займае брэнд Geely, хаця яго доля знізілася да 71% па выніках ліпеня. У лідарах продажу таксама расейскі брэнд Lada (у ліпені прадалі 218 машын) і нямецкі – Audi (65 машын).
Па выніках мінулага года, паводле звестак асацыяцыі, дылеры прадалі каля 15-ці тысяч легкавых аўтамабіляў. Лідзіравалі Geely, Lada і Kia.
Цягнікоў у Беларусь няма і не будзе
Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь не курсіруюць і так застанецца прынамсі да снежня наступнага года. Міністэрства інфраструктуры не плануе аднаўляць курсы ў Берасце або Гародню, паведамляе старонка rynek-kolejowy.pl.
Цягнікі адмянілі ў 2020 годзе пасля пачатку пандэміі каронавіруса. Аднак і пасля завяршэння пандэміі рух цягнікоў не быў адноўлены, відавочна, з палітычных прычын. Новы графік чыгуначных спалучэнняў у Польшчы павінен уступіць у сілу ў сярэдзіне снежня, але ўжо цяпер вядома, што ў раскладзе злучэнняў на 2024 год маршрутаў у Беларусь не будзе.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: Belarus.by.