Трэція ўгодкі няскончанай беларускай рэвалюцыі



Беларусы аб’яднаныя масавай траўмай, якая накладаецца на рэфлексію таго, што ж адбылося 9-га жніўня 2020 году.

Я прапаную свае тэзісы з нагоды таго, што асабіста я называю не проста пратэстамі, а менавіта рэвалюцыяй, прычым разнапланавай.

Я падзяляю гісторыю Беларусі на да і пасля 2020 году. Фактычна на беларускім каляндары трэці год новай эры. Эры беларускасці і грамадзянскасці.

Адбылася Беларуская нацыянальная рэвалюцыя. Стагоддзі стрымання нацыянальнай самасвядомасці спачатку расейскай, а пасля бальшавіцка-камуністычнай імперыямі праваліліся. 

Беларусы масава выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам “Пагоня”.

Так, большасць яшчэ гаворыць па-расейску праз дзесяцігоддзі пасляваеннай русіфікацыі і перад тым знішчэння Сталіным нацыянальнай інтэлегенцыі. 

Але скандавалі пратэстоўцы не “Да здравствует Белоруссия”, а “Жыве Беларусь!”

А больш за 60% стыхійна прыдуманай сімволікі вуліц, раёнаў, мястэчак і гарадоў былі падпісаныя па-беларуску.

Яшчэ важны аспект – у 2020 годзе ў Беларусі апроч нацыянальнай паўстала грамадзянская супольнасць.

Насуперак дыктатарскай вертыкалі людзі як пчолы стварылі свае гарызантальныя грамадскія соты. Досвед гэтых сувязяў цяпер моцна дапамагае людзям у вымушанай эміграцыі.

У 2020 годзе адбылася жаночая рэвалюцыя.

Памятую тое адчуванне цывілізацыйнай бездані калі чуў ад некаторых, у тым ліку ад суседзяў па колішняй турме народаў пад назвай СССР, маўляў, не жаночая справа выходзіць на пратэсты.

Годнасць – яна для ўсіх.

У 2020 годзе мы пабачылі рэвалюцыю духу, аб’яднаных адной ідэяй людзей. Ідэяй ўласнай свабоды.

Трэба мець невераемнай сілы дух, каб раз за разам выходзіць супраць узброенага ворага, ведаючы, што вораг ужо забіў і гатовы далей забіваць. Ведаючы пра тысячы і тысячы катаванняў, і магчымасць сесці ў катавальню не на суткі, а на гады.

Мы ўсе беларусы, ды замежныя журналісты і палітычныя аглядальнікі, былі ў шоку ад, здавалася, невытлумачальнай, проста шалёнай, жорсткасці ўладаў. 

Тады здавалася, што ўсё ў помстлівым і садыскім характары Лукашэнкі.

Гэта пасля мы дазналіся, што рыхтавалася расейская агрэсія на адрас Украіны, і што Лукашэнка ўжо ведаў, што будзе саўдзельнікам гэтага злачынства.

Лукашэнка фактычна зачышчаў тылы для гаспадара, якому служыць. 

А беларусы, не ведаючы таго, адтэрмінавалі пачатак вайны.

Сёння ў краіне трэці год трывае тэрор. Тылы для Крамля трымаюцца.

Але людзі засталіся тыя самыя, што і ў 2020 годзе. Выехала не так шмат, як чакалася, у тым ліку лукашыстамі. 

Працяг будзе.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя