Агляд прэсы: Як працуе дэмакратыя



Вынікі канферэнцыі наконт Украіны, што адбылася ў Саудаўскай Аравіі. Абвастрэнне канфлікту ў Нігеры. Узмацненне турыстычнага попыту пасля скасавання кавідных абмежаванняў і навадненні ў Славеніі. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.

Прадстаўнікі каля 40 краін абмеркавалі мірныя сцэнары для Украіны на канферэнцыі ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. Масква на саміт запрошана не была.

Турынская «La Stampa» мяркуе, што канферэнцыя ўвянчалася поспехам, прычым адразу ў некалькіх адносінах: «Пазіцыі Украіны ўзмацняюцца, Расея ўсё больш аказваецца ў ізаляцыі, роля Саудаўскай Аравіі і цэлага шэрагу буйных ’нейтральных’ краін павялічваецца. Іх удзел і стаў галоўнай навінай дадзенай сустрэчы, падчас якой за адным сталом сядзелі дэлегацыі краін Захаду і краін з парогавай эканомікай, а таксама Украіна. Гэта яшчэ больш падкрэсліла адсутнасць Расіі, якая не была запрошана. Найважнейшым вынікам мерапрыемства можа стаць проста правядзенне яшчэ аднаго саміту менавіта так і працуе дыпламатыя. І будзе сур’ёзным крокам наперад, калі ў гэтым саміце, як чакаецца, прыме ўдзел Кітай, які толькі ў апошнюю хвіліну прыняў запрашэнне ўдзельнічаць у канферэнцыі ў Джыдзе.»

Путчысты ў Нігеры па-ранейшаму не маюць намеру ні дазволіць дэмакратычна абранаму прэзідэнту Махамеду Базуму вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў, ні аднавіць дзейнасць канстытуцыйных інстытутаў.

Супольнасць ЭКОВАС павінна пакласці канец гэтай ваеннай хунце, — піша венская «Der Standard»: «Салдатам месца ў казармах. На благі канец – на ваенным палігоне. Але ім зусім не месца ў палітыцы. … Ці павінны прэзідэнты краін ЭКОВАС пайсці зараз на папятную? Калі яны гэта зробяць, то могуць забыцца аб сваёй супольнасці. Вядома, гэта не значыць, што ў іх ёсць карт-бланш на бразганне зброяй. Але ліхім прыгодам заходнеафрыканскіх афіцэраў настаў час сканчвацца.»

Пасля некалькіх гадоў абмежаванняў на паездкі, абавязковай сацыяльнай дыстанцыі і асцярог з нагоды заражэння каранавірусам колькасць турыстаў гэтым летам у многіх рэгіёнах вярнулася да дакавіднага ўзроўню, а ў некаторых месцах нават перавысіла яго.

Амстэрдам мае намер забараніць праход круізных караблёў праз каналы ў межах места. Дацкая «Politiken» заклікае зрабіць тое ж самае і ў Капенгагене:

«Вайна ва Украіне прывяла да памяншэння колькасці круізных лайнераў у Капенгагене. … Гэтая тэндэнцыя павінна стаць пачаткам спаду круізнага турызму, а не яго ўздыму. … Гарадская рада павінна ўсталяваць кліматычныя прадпісанні для круізных лайнераў і паведаміць суднаходным кампаніям, што можа рушыць услед забарона, падобная амстэрдамскаму. Вядома, Капенгаген не павінен зачыняцца ад турыстаў, але ён абавязаны прыцягваць тых, хто сапраўды жадае пазнаёміцца з горадам — і не проста за пару гадзін: тых, хто жадае тут паесці, паплаваць у гавані, пакатацца на ровары з ветрыкам, тых, у каго ёсць час для таго, каб вывучыць горад і адчуць яго пульс.»

Праліўныя дажджы ў Славеніі прывялі да таго, што дзве трэці тэрыторыі краіны пацярпелі ад навадненняў; як мінімум шэсць чалавек загінулі. «На мінулым тыдні еўракамісар па крызісным менеджменце Янез Ленарчыч падкрэсліў, што неабходна выдзяляць значна больш сродкаў на паляпшэнне ўстойлівасці інфраструктуры ў выпадку стыхійных бедстваў, а таксама на меры па абароне ад навадненняў. Грошы, паводле яго слоў, ёсць, прычым іх нямала. Аднак калі справа даходзіць да праверкі на практыцы, Славенія заўсёды правальвае гэты іспыт — ужо на працягу многіх гадоў. … Нягледзячы на тое, што шматгадовы досвед выразна паказвае, якія рэгіёны ў краіне ў найбольшай ступені схільныя рызыцы навадненняў, ведамствы не выдаткавалі на прэвентыўныя меры ні цэнта з тых амаль 300 мільёнаў эўра, што меліся ў іх распараджэнні», — піша люблянская газета «Dnevnik».

Беларускае Радыё Рацыя