У Берасці пацяпленне? Рэлігійнае



Аляксандр Рагачук кіруе Берасцем з мінулага года, і на фоне мінулага старшыні гарвыканкама кіруе дастаткова паспяхова. Зразумела, што чыноўнікі нават такога рангу маюць ганебна мала паўнамоцтваў, а значыць новы мэр, які б добры ні быў, будзе выконваць патрэбныя загады зверху. Тым не менш нас, гараджан, прыемна ўражвае ўжо тое, што Рагачук у карупцыйных скандалах пакуль не заўважаны, на бязглуздых выказваннях не злоўлены, гульню супраць роднага горада не вядзе, чым грашыў на працягу многіх год Палышэнкаў.

Аляксандр Рагачук здолеў стварыць сабе пазітыўны імідж яшчэ на мінулых пасадах – кіраўніка абласнога ідэалагічнага ўпраўлення і старшыні Маскоўскага раёна Берасця – і неяк ухітрыўся гэты імідж утрымаць. Так, у цэнтры па-ранейшаму руйнуюцца гістарычныя будынкі – вынік старых інвестыцыйных дамоў, але разам з тым аднекуль знаходзяцца сродкі на рамонт дарог. Так, у горадзе дагэтуль няма ніводнай беларускай школы ці садка, але ж цяпер тут варта вінаваціць не адміністрацыю (менавіта з падачы Рагачука быў створаны адзіны ў горадзе беларускі клас), а бацькоў, якія пасіўна паводзяць сябе ў гэтым пытанні. Так, спецслужбы працягваюць цкаваць усякую ініцыятыву грамадзян, але гарвыканкам дэманструе зацікаўленасць у дыялогу з трэцім сектарам. Адчуваецца, што новая адміністрацыя спрабуе працаваць па-сучаснаму часамі насуперак самой сістэме.

Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца зладжаная гарвыканкамам сустрэча Рагачука з кіраўнікамі рэлігійных абшчын горада. Заўважце, не з кіраўнікамі самых прадстаўнічых рэлігійных аб’яднанняў тыпу Рускай праваслаўнай царквы ці Рыма-каталіцкага касцёла, чаго было б дастаткова дзеля падтрымання добрага іміджу ў вачах большасці вернікаў, – а кіраўнікамі ўсіх зарэгістраваных суполак.

Каб ведаць, які неверагодны гэта прагрэс, трэба жыць у Беларусі і падтрымліваць адносіны з прадстаўнікамі рэлігійных меншасцяў. Неталерантныя праваслаўныя беларусы яшчэ пацерпяць каля сябе каталікоў, стрымаюцца ад выказванняў на адрас пратэстантаў, але далей мяжа іх цярплівасці заканчваецца. Ваяўнічыя барацьбіты з сектамі нармальна рэагуюць на бабулек, што спевамі зарабляюць грошы на царкву, затое адразу тэлефануюць у аддзел па справах рэлігій, калі ў парку спяваюць крышнаіты ці сядзяць у позе лотаса будысты. Сам аддзел, які вырашае, каго афіцыйна зарэгістраваць, а якой суполцы адмовіць, каму дазволіць збор у канкрэтным памяшканні, а каму напісаць у паперы, што суседзі нязгодныя, – з’яўляецца вынікам і інструментам ціску грамадскага меркавання на меншасці. Паспрабуйце адшукаць у нашым горадзе месца збору прыхільнікаў ісламу, юдаізму, індаізму – без папярэдняй разведвальнай інфармацыі не атрымаецца. Любы культавы будынак – упрыгажэнне горада, але ў нас шэраг афіцыйна зарэгістраваных абшчын збіраецца канспіратыўна на кватэрах, стараецца не злаваць грамадства масавым з’яўленнем на вуліцах і нават памысліць не можа аб існаванні на роўных з вялікімі рэлігійнымі аб’яднаннямі.

Пра роўнасць няма неабходнасці казаць і цяпер, пасля гэтай сустрэчы ў гарвыканкаме – дастаткова пачытаць пра павестку дня і паглядзець на здымках, як паважна на месцах, бліжэйшых да старшыні, сядзяць людзі ў расах, і як хаваюцца на другіх шэрагах кіраўнікі малаколькасных суполак. Яны пераважна апранутыя ў звычайнае паўсядзённае адзенне. Гэта зноў – каб не злаваць, бо “спецвопратка” ёсць і ў іх. Але сам факт застаецца эпахальным: паклікалі ўсіх, зрабілі першы крок, каб меншасці перасталі адчуваць сябе адшчапенцамі.

І за гэты крок варта паціснуць руку новаму старшыні гарвыканкама. Электарат так уладкаваны, што пакажы яму прыклад талерантнасці,  і ён пачне яго пераймаць. Хай бы так і было.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ