Першы гарадскі велапрабег прайшоў у Пінску
Упершыню ў Пінску адбыўся гарадскі велапрабег, у якім удзел узялі дзве сотні раварыстаў. Арганізатары не чакалі такой актыўнасці гараджан і спадзяваліся, каб назбіралася хоць тры-чатыры дзясяткі.
Акцыю падтрымала дзяржаўная аўта-інспекцыя. У ДАІ неаднойчы прыхільна выказваліся за развіццё роварнага руху.
Удзельнікі велапрабегу абмяркоўвалі праблемы перасоўвання на ровары, якія ёсць у горадзе над Пінай. Яны характэрны для многіх гарадоў краіны – адсутнасць веласцежак, парковак, высокія бардзюры, адзначыў адзін з удзельнікаў:
– Патрэбныя веласцежкі, бо даводзіцца раварыстам ездзіць па праезджай часцы, а машыны паркуюцца так шчыльна, што праехаць немагчыма, даводзіццца ехаць па тратуары.
Пінскія аматары роварнага руху маюць намер правесці серыю такіх мерапрыемстваў і магчыма, што гэта пачатак нараджэння ў горадзе над Пінай аб’яднання раварыстаў з мэтаю адстойвання сваіх правоў.
Беларускае Радыё Рацыя