Paulinn: Тут усё – мая душа, мая моц, мае мары…
У нашым эфіры паразмаўлялі з беларускай спявачкай Paulinn. Прэзентуем яе песню “Калыханка”. “Тут усё – мая душа, мая моц, мае мары, мой сум і мая радасць,” – піша яна пра сваю песню ў сацыяльных сетках.
РР: Раскажы, якая канцэпцыя гэтай песні, якая ідэя. Тут сум ці тут радасць? Чаго больш?
Paulinn: Гэта мікс пачуццяў, якія складана акрэсліць у нейкім адным слове. Бо маё жыццё апошнім часам вельмі моцна змянілася. Я стала мамай. І мамай адразу двух дачок. Блізняты нарадзіліся ў мяне. І сум і радасць заключаюцца ў тым, што, безумоўна, дзеці – гэта цуд і безумоўная радасць, але адначасова гэта вельмі складана. І другая частка майго жыцця, без якой я не бачу сябе, – гэта музыка. І адначасова дзеці, гэта напачатку цяжка вяжацца адно з адным. І таму і сум, і радасць, і хочацца працягваць рабіць музыку, ствараць нешта новае, але тут дзеці і ты не можаш разарвацца. І таму такі пост.
-
Фота: facebook
А “Калыханку” я напісала, калі яшчэ чакала нараджэнне дзяцей. І мы ўжо ведалі, што будуць дзве дзяўчынкі. І быў такі настрой, навокал было шмат сумных падзей, якія мы ўсе ведаем, і хацелася ў гэтай “Калыханцы” перадаць менавіта такую думку аб тым, што б навокал не здаралася, што б не адбывалася, для дзяцей мы заўсёды захаваем гэты спакой – як я там спяваю – пяшчоту, мы захаваем гэта ў далонях, пакладзём у кішэню і пранясём для дзяцей і захаваем іх спакойны сон.
Цалкам гутарку і „Калыханку” слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя