НАУ звярнулася ў Генпракуратуру Украіны
Народнае антыкрызіснае упраўленне (НАУ) накіравала ў Генеральную пракуратуру Украіны тэксты заяў Аляксандра Лукашэнкі пра намер працягваць вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь.
НАУ таксама далучыць гэтыя дакументы да матэрыялаў для офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, паведаміў кіраўнік НАУ, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка на сваім ютуб-канале.
„Прызнанне Лукашэнкі не пакідае сумненняў у планавым і сістэмным падыходзе да арганізацыі незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на ўзроўні Саюзнай дзяржавы, а таксама прамых дамоўленасцей Лукашэнкі і Пуціна”, — сказаў Латушка.
Латушка нагадаў, што 27 чэрвеня каманда НАУ паведаміла пра перадачу ў МУС у Гаазе „доказаў ваенных злачынстваў”. У якасці фігурантаў указаны ў тым ліку Аляксандр Лукашэнка.