Латвія пачала вучэнні паблізу беларускай мяжы
З 12 па 19 жніўня ў Даўгаўпілсе, які знаходзіцца ў 35 км ад беларускай мяжы, пройдуць вайсковыя вучэнні Латвійскай нацыянальнай гвардыі з мэтай навучання і праверкі баявых навыкаў падраздзяленняў, паведамляе Delfi.lv.
У час вучэнняў узброеныя салдаты і прадстаўнікі Латвійскай нацыянальнай гвардыі будуць перамяшчацца па адміністрацыйнай тэрыторыі Даўгаўпілса, можа быць выкарыстаны і ваенны транспарт. Падчас вучэнняў будуць прымяняць вучэбныя боепрыпасы і іншыя сродкі імітацыі бою.
У прэс-цэнтры Латвійскай нацыянальнай гвардыі адзначылі, што „можа быць шумна, аднак боепрыпасы не ўяўляюць пагрозы для жыцця і здароўя людзей” і заклікалі грамадзян не турбавацца і з разуменнем паставіцца да вучэнняў, якія накіраваныя „на ўмацаванне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі NATO”.
Вучэнні праходзяць у рамках падрыхтоўкі да восеньскіх комплексных вучэнняў па нацыянальнай абароне Namejs 2023.