Тапачкі для “пана савецкага афіцэра”



 

“З расейскага боку на Данбасе ваююць пераважна рэканструктары”, – кажа украінскі калега. Гэта тыя самыя людзі, якія ў дарослым узросце кампенсавалі сваю экзістэнцыйную пустэчу гульнямі ў вайну з пераапрананнем ды праглядамі ваенных кінадрам. Гульня ў вайну выйшла з-пад кантролю – пераўтварылася ў вайну сапраўдную – такія парадоксы свядомасці ды рэальнасці.

Травень 2015 года… чарговы патрыятычна-шавіністычны аўтапрабег у Воршы – ад помніка „Кацюшы” даносіцца па Дняпры палымяная прамова: „Наше Союзное государство от Бреста до Владивостока. И никикие НАТО нам не страшны”. бу-бу-бу-бу „Луганская Народная Республика” і музыка “Там за туманамі”.

Псеўдарэканструкацыя…

Па тэлевізары транслюецца чарговая расейская ваенная драма – салдаты бягуць у атаку з крыкамі “Мачыце немцаў!” (гэта ж слова якое падабралі рэжысёр са сцэнарыстам).

І зноў: паказваюць па тэлевізары ваенную драму “Застава Жыліна” – пра савецкую мяжу напярэдадні нападу Германіі на СССР. Час, калі адбываецца дзеянне – травень 1941 году. Месца дзеяння – памежная зона пад Берасцем. Бачым: на рэчцы чырвонаармейцаў спакушаюць мясцовыя дзяўчаты, якія гавораць па-расейску чамусьці з яўным балтыйскім акцэнтам, а ідэйныя чырвонаармейцы называюць іх “дуры польскія”.

Пра Беларусь – ані слова. Беларускага акцэнту таксама няма.  У фільме ёсць Расея (нават не СССР і „былая Польшча).  І тое, што гэта „былая Польшча” падкэсліваецца паказам мясцовых палякаў з дзіўным акцэнтам і пабытовымі звычкамі. Сям’ю савецкага афіцэра засяляюць да адной такой пані. Яе разам з сынам-падлеткам кватаранты пасля заб’юць, але пакуль яна гэтага не ведае і ставіць ўмову – нікога не прыводзіць у госці і здымаць абутак пры ўваходзе. Вядома, у госці прыходзіць савецкі афіцэр, абутак не здымае, гаспадыня галосіць: “Як можна было не зняць абутак?”Савецкія афіцэры пагражаюць пісталетам. Сцэнарыст фільма яўна гадаваўся ў маскоўскай кватэры з абавязковымі тапачкамі ля ўваходу – як праявы найвышэйшай культуры.

Цяжка выйсці за межы сучаснай маскоўскай рэальнасці і падумаць пра тое, што ў 1941 годзе ўсё было не так, і афіцэры (у форме!!!) не сцягвалі боты, заходзячы ў памяшканне і не абувалі тапкаў. І ўвогуле – здымаць абутак – усходняя традыцыя.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ