Еўразвяз паставіў Украіне 200 тысяч боепрыпасаў і дзве тысячы ракет



Краіны Еўразвяза ўжо паставілі Украіне больш за 200 тысяч артылерыйскіх боепрыпасаў і больш за дзве тысячы ракет розных тыпаў. Пра гэта ў размове з агенцтвам France Presse паведаміў афіцыйны прадстаўнік ЕС Петэр Стана, паведамляе «Радыё Свабода».

У пачатку года Еўразвяз узгадніў план паставак боепрыпасаў Украіне на суму два мільярды еўра. Пакет дапамогі прадугледжвае як непасрэднае забеспячэнне ўкраінскіх войскаў з наяўных у еўрапейскіх краін запасаў, так і замовы на вытворчасць новых боепрыпасаў. Мэта плана — на працягу года забяспечыць Украіну мільёнам снарадаў. Такім чынам, Украіна атрымала пятую частку абяцанага ЕС мільёна снарадаў.

Паводле звестак ЕС, краіны, якія ў яго ўваходзяць, з пачатку вайны Расеі супраць Украіны перадалі Кіеву вайскова-тэхнічную дапамогу на суму 20 мільярдаў еўра. ЗША па стане на канец ліпеня выдаткавалі Украіне каля 44 мільярдаў.